Кацярына КАРСТЭН: “Калі садзішся ў лодку, хваляванне застаецца на беразе”

Источник материала:  
За некалькі дзён да пачатку Алімпіяды ў Лондане карэспандэнт “Народнай Волі” пагутарыў з капітанам беларускай алімпійскай зборнай Кацярынай КАРСТЭН.Для Кацярыны, якая займаецца акадэмічным веславаннем, гэта будуць ужо шостыя (!) Алімпійскія гульні ў яе кар’еры. Доўгажыхарка!

-- Шчыра кажучы, спачатку пры падрыхтоўцы да Гульняў былі праблемы з лодкай, але іх вырашылі і зараз пра гэта, напэўна, ужо ўспамінаць і не варта, -- кажа тытулаваная спартсменка.

-- Гэта ўжо ваша шостая Алімпіяда. Складана так доўга выступаць ды яшчэ паказваць вынікі?

-- Мне больш псіхалагічна складаней, чым фізічна. Вялікая адказнасць, многія чакаюць ад мяне не проста медаля, а менавіта залатога. Цісне ўсё гэта. Неяк нават на вуліцы аматары спорту пазналі, падышлі і адразу ж: “Ну што, зможаце заваяваць “золата”?

-- А самі як адчуваеце?

-- Падрыхтоўка прайшла па плане, усе нагрузкі вытрымала… Іншая справа, што пакажуць саперніцы, бо з некаторымі ў гэтым сезоне я нават і не сустракалася.

-- А можа быць такое, што спартсмен чатыры гады рыхтуецца да Гульняў, а падчас спаборніцтваў “перагарыць” і -- да пабачэння?

-- Безумоўна, можа. Але я не павінна. Усё ж такі гэта мая шостая Алімпіяда, як кажуць, ужо не дзяўчынка. Калі садзішся ў лодку, хваляванне сыходзіць, яно застаецца на беразе. Застаецца толькі канцэнтрацыя на гонку.

-- Зараз, можа, рыхтаваліся па нейкай спецыяльнай методыцы?

-- Не, усё звычайна.

-- Вам спартыўныя чыноўнікі нейкі план на Гульні паставілі?

-- У вочы не казалі, што нешта канкрэтна я павінна, але ж вядома, што чакаюць толькі “золата”. Безумоўна, усе хочуць перамагчы. А як там атрымаецца?..

-- Скажыце шчыра: веславанне за такі доўгі час не абрыдла?

-- Ды не. Больш надакучылі раз’езды, зборы… Я нават не выключаю, што яшчэ і на сваёй сёмай Алімпіядзе ў 2016 годзе выступлю.

-- Ніколі не думалі, чым будзеце займацца пасля таго, як пакінеце спорт?

-- Нешта ў гэтым годзе ў журналістаў стала каронным пытанне пра маё заканчэнне кар’еры. Што вам адказаць? Не ведаю пакуль. Усё жыццё ў мяне прайшло ў спорце, у гэтым годзе наогул быў юбілей -- 25 гадоў, як займаюся веславаннем. А 2 чэрвеня адзначыла і яшчэ адзін юбілей -- саракагоддзе. Без спорту нават і не ведаю, чым буду займаць сябе.

-- Грэх не зрабіць у юбілейны год сабе падарунак?

-- Я таксама так думаю.

-- Вы па-ранейшаму жывяце ў Германіі?

-- Так, у невялічкім гарадку пад Кёльнам.

-- Ведаю, што і ваша дачка Аляксандра таксама пачала займацца веславаннем?

-- Спрабуе сябе, трэніруецца. Яна ж маленькая пастаянна са мной была на трэніроўках, бачыла, што гэта за хлеб. Жыла веславаннем разам з мамай, вырасла на гэтым. Неяк пасля майго выступлення на чэмпіянаце свету заявіла: “Я таксама буду займацца гэтым відам спорту”. Сашы зараз 14 гадоў, хацела крыху пазней аддаць яе ў спорт, але сказаў сваё слова муж Вільфрэд. У спорт -- дык у спорт. Гэта ж асэнсаваны выбар чалавека, не дзіця ўжо.

-- Ёсць ужо ў яе свае поспехі?

-- Скажам так -- лакальнага маштабу.

-- Вы ёй нешта падказваеце?

-- Падказваю, але добра было б, каб яна яшчэ і слухала. Неяк прыехала да дачкі на спаборніцтвы, а трэнер мне: “Бацькам нельга даваць парады”. Кажу: “Я -- не маці, а таксама трэнер”.

-- А да бабулі ў беларускую вёсачку прыязджае?

-- Рэдка атрымліваецца, бо ў Германіі канікулы малыя. А калі ў Аляксандры канікулы, у мяне разгар сезона. Таму разам прыязджаем у Беларусь нават і не кожны год. Зараз вось перад ад’ездам я з’ездзіла да мамы, павіншавала яе з 75-годдзем. Адным словам, ёсць дзеля каго ўдала выступіць у Лондане...

-- Поспехаў!


←Брестскую область на лондонской Олимпиаде представят 35 спортсменов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика