Сцеражыся "чырвонай фурыі"
Зборная Іспаніі стала першым фіналістам сёлетняга першынства Еўропы па футболе.
Яшчэ напярэдадні Еўра-2012 спецыялісты і балельшчыкі актыўна адпраўлялі падапечных Вісэнтэ дэль Боске ў шэраг фаварытаў. І як паказваюць апошнія падзеі, футбалісты былі не супраць. Іспанская зборная на адным дыханні праводзіць чэмпіянат, нягледзячы на тое, што ў паўфінале добра паказытала нервы прыхільнікам.
За шчаслівы білецік у фінал Ікер Касільес і кампанія спрачаліся з суседзямі — камандай Партугаліі. Гламурна-тэхнічны Крышціяну Раналду, брутальны чалавек-тату Рауль Мейрэлеш, дзёрзкі Пепе — на гэтым турніры пірэнейцы заслужылі званне не толькі самай эпатажнай каманды, але і тэхнічнай, якая ператварае матч у маленькі футбольны спектакль.
Не, гульня "геаграфічных" сяброў не стала трыумфам галоў і небяспечных момантаў. Гэта, хутчэй, драма ў Данецку, у якой усё вырашала псіхалогія, упэўненасць, фартуна. Асноўная частка бітвы за Пірэнеі скончылася мірам (0:0), дадатковая — таксама. Вызначаць лепшага прыйшлося ў серыі пасляматчавых пенальці. І тут больш удалымі аказаліся іспанцы, чэмпіёны мінулага кантынентальнага чэмпіянату (4:2). Ці ўтрымаюць яны званне чэмпіёнаў Еўропы, даведаемся ў нядзелю. Раней два чэмпіянаты запар не ўдавалася выйграць нікому.
Тарас ШЧЫРЫ.