Сяргей Рутэнка: "мы згулялі толькі першы тайм"
Адзін з лепшых гульцоў свету і іспанскай "Барселоны" беларускі гандбаліст Сяргей Рутэнка быў нястрымным для сапернікаў падчас нядаўняга выязнога кваліфікацыйнага матча да чэмпіянату свету-2013 супраць зборнай Славакіі. Гульня на 8-тысячнай "Стыль-Арэне" ў горадзе Кошыцэ значылася як надзвычай важная для падначаленых Юрыя Шаўцова і прынесла запаветную перамогу гасцям з лікам 26:24. Важкі ўклад — 9 забітых мячоў — унёс у гэтую гістарычную вікторыю Рутэнка-старэйшы. Прычым аж 6 галоў з 7 магчымых ён правёў з пенальці. Адметна, што амаль кожны раз пры прызначэнні штрафнога кідка асноўны галкіпер славакаў і французскага "Манпелье" Рыхард Штохл давяраў свайму малодшаму візаві Тэадору Паўлу, які абараняе колеры венгерскага клуба "Чурго". Аднак такая ракіроўка не стала перашкодай для нумара 14 беларускай зборнай. Пасля стартавай асечкі ўсе астатнія 7-метровыя штрафныя кідкі ішлі дакладна ў "рамку". У дадатак яшчэ тры адмысловыя галы былі праведзены Сяргеем з гульні.
Дарэчы, на яе станоўчы зыход вялікія надзеі ўскладалі мясцовыя балельшчыкі. Ужо за некалькі гадзін да пачатку знакавай для абедзвюх зборных сустрэчы — на кон па суме двух паядынкаў выстаўлена пуцёўка на фінальную частку чэмпіянату свету, што пройдзе на пачатку наступнага года ў Іспаніі, у межах хакейнай арэны, якая была пераабсталявана пад ручны мяч, назіраўся рух. Заўзятараў нават не пужала больш чым 30-градусная спякота. Парыла так, што кроплі дажджу, даляцеўшы да зямлі, ужо былі цёплымі. Але якія выпрабаванні не вытрываеш, калі трэба падтрымаць родную каманду! Менавіта так лічыла група падтрымкі ў складзе амаль 40 чалавек. Аўтобус, які зрабіў 900-кіламетровы марш-кідок па маршруце Мінск—Кошыцэ праз тэрыторыю Польшчы, быў арганізаваны Беларускай федэрацыяй гандбола. Штурманам падчас гэтай паездкі, куды былі персанальна запрошаны сябры айчыннага гандбола — журналісты, артысты, спартсмены, трэнеры — выступіў намеснік старшын БФГ Іван Семяненя. І фанацкая падтрымка, трэба сказаць, была вельмі дарэчы. Бо зборная Славакіі прымала ўдзел у такім топ-турніры апошнія два разы (2011-ы і 2009-ы гады), а вось для беларускай каманды ўсё складвалася не так радасна. Першы і апошні раз наш гандбол быў прадстаўлены на планетарным узроўні ўжо ў далёкім 1995 годзе пад кіраўніцтвам беларускага мэтра Спартака Пятровіча Мірановіча. Вынік выступлення ў Ісландыі — 9-е месца і адрэзак даўжынёй у 17 гадоў, калі мы не маглі і вельмі часта па прычыне свайго менталітэту не мелі шанцаў прабіцца наверх. І вось зараз ён з'явіўся, і беларусы як ніколі блізкія да запаветнай мары. Каб яна набыла рэальныя абрысы, нашым хлопцам неабходна не прайграць два мячы славакам у хатняй сустрэчы ў адказ, якая адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю на "Мінск-Арэне" і пачнецца ў 17.00.
Ніякага шапказакідальніцкага настрою, сказаў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі ў Кошыцэ настаўнік беларускай каманды Юрый Шаўцоў. Славакі — сур'ёзная і прафесійная каманда, каб спадзявацца, што гасцявы задзел у два мячы гарантуе нам агульную перамогу накаўт-раўнда. Таму да матча ў Мінску, заключыў Юрый Анатольевіч, будзем рыхтавацца з поўнай самааддачай.
Рэзанансна прагучаў і фінішны каментар лепшага бамбардзіра Сяргея Рутэнкі. Перамога ў Славакіі — гэта толькі першы тайм матчаў плэй-оф, адзначыў беларус. У другім мы павінны паказаць сябе не горш і прыкласці максімум намаганняў для дасягнення неабходнага для нас выніку — заваявання фінальнай пуцёўкі на чэмпіянат свету-2013.
Будзем спадзявацца і мы. Скрыжуем пальцы і затаім дыханне.
Уладзімір ЗДАНОВІЧ.
Мінск—Кошыцэ—Мінск.
Р.S. Рэдакцыя газеты "Звязда" выказвае ўдзячнасць Беларускай федэрацыі гандбола і асабіста яе кіраўніку Уладзіміру Мікалаевічу Канаплёву за садзейнічанне журналісту "Звязды" ў падрыхтоўцы матэрыялаў з Кошыцэ