Перамаглі "вікінгаў"
У першым матчы чэмпіянату Еўропы па футзале, які прымае Брэст, зборная Беларусі атрымала ўпэўненую перамогу над нарвежцамі — 4:1. Двойчы вароты скандынаваў паразіў Дзмітрый Цяслюк, таксама галы на свой рахунак запісалі Дзмітрый Троцкі і Аляксей Мішковіч.
— Настройваліся на матч сур'ёзна: слабых супернікаў на чэмпіянаце няма, ды і дома гуляем — перад сваімі балельшчыкамі, — каментуе перамогу "Звяздзе" Дзмітрый Цяслюк, які ў чэмпіянаце Беларусі выступае за гомельскі ВРЗ. — Мы добра згулялі ў першай палове — хутка забілі чатыры мячы. Што тычыцца Нарвегіі, дык гэта нядрэнная зборная, якая вылучаецца даволі магутнымі, фактурнымі футбалістамі.
Сярод асноўных канкурэнтаў за медалі Дзмітрый вылучае каманды Бельгіі, Чэхіі, а таксама, безумоўна, зборную Расіі, якая святкавала перамогу на трох апошніх чэмпіянатах Еўропы. Цікава, што на наступны дзень пасля перамогі зборная ў поўным складзе наведала царкву. Як адзначыў Цяслюк, гэта ўжо добрая традыцыя, і футбалісты часта падчас стартаў разам прыходзяць у храм.
Дарэчы, сёння беларусы правядуць заключны матч у групе. Супрацьстаяць хлопцам Сяргея Сафонава будуць чэхі. Матч пройдзе ў брэсцкім спарткомплексе "Вікторыя" і пачнецца ў 19.30. "Хварэем" за нашых!
Тарас ШЧЫРЫ