Феерычны "Атлетыка"

Источник материала:  

Фінал сёлетняй Лігі Еўропы змясціў у сабе відовішча, поўнае драматызму, у якім свята, шчасце і радасць былі на баку "Атлетыка" з Мадрыда. 3:0 — менавіта з такім лікам "матраснікі" перамаглі "Атлетык" з Більбаа і заваявалі другі па значнасці еўракубак.

Футбалісты з Більбаа пасля гульні не стрымалі слёз. Мадрыдцы ўшчэнт перайгралі маладых хлопцаў мудрага аргенцінца Марэсла Б'елсы. Каманда, якая амаль цалкам складаецца з карэнных баскаў, зрабіла вялікую справу для сваёй аўтаноміі: выйшла ў фінал, марыла пра перамогу, аднак, напэўна, у нейкі момант эмацыйна перагарэлі.

Радамэль Фалькаа — імя і прозвішча таго чарнявага калумбійскага хлопца, які двума прыгожымі ўдарамі літаральна забіў надзеі баскаў на свята. Менавіта ён з 12 "стрэламі" стаў лепшым галеадорам турніра. Трэці гол на рахунку Дыега.

— Не магу знайсці словы, каб апісаць, які я шчаслівы. Сёння здзейснілася мая мара. За два гады ўдалося перамагчы Лігу Еўропы з двума рознымі клубамі і двойчы стаць лепшым бамбардзірам, — адзначыў пасля гульні Фалькаа, які раней выступаў за партугальскі "Порту".

Нагадаем, што мадрыдскі "Атлетыка" 2-і раз за тры гады перамагае ў Лізе Еўропы. У 2010-м ён быў мацнейшы за англійскі "Фулхэм" — 2:1.

"Дынама" саступае, БАТЭ перамагае

Да завяршэння першага круга чэмпіянату краіны па футболе застаецца некалькі тураў, але ўжо выразна відаць — супрацьстаяць у чэмпіёнскай гонцы БАТЭ зноў будзе неймаверна складана.

Вось і ў 8-м туры барысаўчане парадавалі балельшчыкаў упэўненай перамогай над наваполацкім "Нафтанам" — 3:0. Галявымі стрэламі адзначыліся два Дзмітрыі — Мазалеўскі і Бага, а таксама Арцём Канцавы. Май — месяц фатальны для трэнераў мінскага "Дынама". Менавіта ў маі ў стане сталічных звычайна наспяваюць трэнерскія перастаноўкі. Нядаўна пасаду генеральнага дырэктара клуба пакінуў Эдуард Стральцоў, а ў чарговым матчы дынамаўцы саступілі канкурэнту ў барацьбе за медалі салігорскаму "Шахцёру" — 1:2. Гульцы Аляксандра Сяднёва ў пачатку сустрэчы прапусцілі двойчы ад Мікалая Януша, але з дапамогай серба Слабадана Сімавіча здолелі скараціць лік, але не больш. Сярод астатніх паядынкаў тура трэба вылучыць перамогі "Белшыны" над "Славіяй" 3:0, "Гомеля" над "Брэстам" 1:0, а таксама нічыю "Нёмана" з жодзінскім "Тарпеда" 1:1. Пасля дзевяці тураў па-ранейшаму на першым месцы з 21-м балам БАТЭ, на бал менш у "Гомеля", на 5 — у "Шахцёра".

Тарас ШЧЫРЫ

←Игра на пустом поле

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика