БАТЭ выйграе, але лідар пакуль — "Гомель"
Матчы трэцяга тура чэмпіянату Беларусі па футболе не прынеслі вялікіх нечаканасцяў, большасць з іх можна азначыць характарыстыкай "вясенні футбол". А часам нават і зімовы: сталічнае дэрбі паміж "Мінскам" і "Дынама" скончылася нулявой нічыёй, і ўвогуле часам мала нагадвала футбол з-за снегападу, які абрынуўся на сталіцу пятнічным вечарам. Напрыканцы поле стадыёна "Дынама" было засыпана снегам, а футбалістам так і не ўдалося забіць хаця б адзін гол.
Барысаўскі БАТЭ перайграў на выездзе "Брэст" (2:0). У матчы быў забіты пакуль самы хуткі гол чэмпіянату — на 35-й секундзе яго аўтарам стаў Арцём Канцавы. Падвоіць лік барысаўчанам удалося толькі напрыканцы матча: на 88-й хвіліне эфектны ўдар галавой нанёс Віталь Радзівонаў. Адметна, што ў абодвух выпадках асістэнтам стаў Дзмітрый Мазалеўскі, які ў гэтае міжсезонне перайшоў да барысаўчан з "Брэста".
З такім жа самым папулярным у туры лікам (2:0) салігорскі "Шахцёр" абыграў мазырскую "Славію", а "Гомель" — "Тарпеда-БелАЗ". Матч бабруйскай "Белшыны" і гродзенскага "Нёмана" завяршыўся нулявой нічыёй.
Турнірнае становішча пасля трох тураў: "Гомель" — 7 ачкоў (пасля 3 гульняў), Мінск — 7 (3), БАТЭ — 6 (3), "Шахцёр" — 6 (3), "Дынама" — 5 (3), "Нёман" — 4 (3), "Белшына" — 4 (3), "Нафтан" — 3 (2), "Тарпеда-БелАЗ" — 0 (2), "Брэст" — 0 (2), "Славія" — 0 (3).
Алена КРАВЕЦ.