"Снежны снайпер" шукаў будучых чэмпіёнаў свету
У Мінску прайшоў фінал спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжных гонках і стральбе з пнеўматычнай зброі "Снежны снайпер". Будучыя чэмпіёны і чэмпіёнкі свету таксама разыгралі медалі. Традыцыйна гэты турнір арганізоўвае і падтрымлівае Прэзідэнцкі спартыўны клуб.
Спаборніцтвы завяршыліся лыжнай гонкай на трасе ў сталічным мікрараёне Вяснянка. А за дзень да гэтага юныя спартсмены практыкаваліся ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дзе вызначалі не толькі самых трапных, але і фаварытаў перад заключным днём спаборніцтваў. Наступнай раніцай спартсмены змянілі інвентар і выйшлі на трохкіламетровую лыжную гонку. Надвор'е спрыяла і паспяховаму выступленню юных біятланістаў, і добраму настрою балельшчыкаў і ўдзельнікаў.
У малодшай узроставай групе вучаніца наваполацкай гімназіі Аліса Пронічава стала самай хуткай сярод самых трапных і заняла першае месца. Яна Шульжыцкая са Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, якая стала першай у стральбе, саступіла новапалачанцы ўсяго 12 секунд на лыжні. У хлопчыкаў у малодшай узроставай групе галоўны прыз заваяваў Дзмітрый Аляксеенка з Хоцімска Магілёўскай вобласці. Антон Шыдлоўскі з Іўя папоўніў набор узнагарод каманды Гродзенскай вобласці, заваяваўшы "серабро".
У старэйшай узроставай групе Наталля Лісоўская са Шчучына стала двухразовай пераможцай "Снежнага снайпера". Першую перамогу яна святкавала летась, а зараз змагла палепшыць свае вынікі ў кожнай з дысцыплін. Кампанію Наталлі на подыуме склалі Кацярына Макула і Крысціна Загдай. Кацярына родам з Навагрудка і прызы атрымала з рук сваёй зямлячкі, вядомай біятланісткі Людмілы Ананькі. Пераможца сярод хлопцаў у гэтай узроставай катэгорыі — Вадзім Мялько — дарэчы, таксама прадстаўляў Навагрудак.
У камандным заліку перамаглі каманды Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. Усе ўдзельнікі турніру, па традыцыі, не засталіся без прызоў і падарункаў ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
Алена АЎЧЫННІКАВА