Новых перамог табе, Дар’я!
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды Беларусі па біятлоне Дар'ю Домрачаву з заваяваннем першага залатога медаля за ўсю гісторыю ўдзелу суверэннай Беларусі ў чэмпіянатах свету па біятлоне і ўзнагародзіў ордэнам Айчыны ІІІ ступені.
"Уся краіна з заміраннем сэрца назірала за гонкай і балела за зорку беларускага біятлона. Мы ў захапленні і ганарымся табой! Сваім яркім і прыгожым выступленнем ты яшчэ раз пацвердзіла: Дар'я Домрачава — лепшая ў свеце!" — гаворыцца ў віншавальнай тэлеграме.
"Новых перамог табе! Ты сапраўдны лідар нацыянальнай каманды, твар беларускага спорту!" — падкрэсліў Прэзідэнт.
Рашэннем кіраўніка дзяржавы Дар'я Домрачава ўзнагароджана ордэнам Айчыны ІІІ ступені.
БЕЛТА.
Другая па ліку жаночая гонка ў нямецкім Рупольдынгу, гонка праследавання, стала для Дар'і Домрачавай "залатой". Для Дар'і гэта таксама першы залаты медаль на сусветным першынстве. Пакуль сярод яе асабістых дасягненняў былі чатыры п'едэсталы на чэмпіянатах: "серабро" ў змешанай эстафеце ў 2008-м, "серабро" ў гонцы з масавым стартам у 2011-м, там жа "бронза" ў эстафеце, а таксама "серабро" тут, у Рупольдынгу ў суботнім спрынце.
У суботняй гонцы Домрачава на 15 секунд адстала ад немкі Магдалены Нойнер, і для хуткаснай беларускі гэта быў час, які цалкам можна адыграць у гонцы праследавання. Як і чакалася, нядзельная гонка стала спаборніцтвамі дзвюх самых хуткіх біятланістак свету — Нойнер і Домрачавай. І загадзя было зразумела, што шмат чаго тут будзе залежыць ад стральбы. Да заключнага агнявога рубяжа абедзве біятланісткі падышлі не без памылак: Нойнер прамахнулася аднойчы, Домрачава адматала два штрафныя кругі. Перад апошняй стральбой Нойнер мела 30-секундную перавагу над Домрачавай — камфортная фора нават для таго, каб разок прамахнуцца. Але нервы двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі здалі. Магдалена памылілася раз, потым яшчэ раз... Немка адпраўлялася намотваць два штрафныя кругі і на стрэльбішчы ўсё залежала ад Дашы. І Домрачава ні адной кулі не адправіла ў "малако"! Калі беларуска адпраўлялася на дыстанцыю, Нойнер яшчэ адпрацоўвала на другім штрафным крузе. Іх раздзяляла 13 секунд, што, улічваючы Дашыны хуткасці, гарантавала нам "золата"!
Але было адно "але": сістэма зафіксавала толькі адзін промах Нойнер. І нямецкі трэнерскі штаб нейкі час імкнуўся спісаць другі промах: Магдалена трапіла, але мішэнь не закрылася. Такое ўжо здаралася тут на сёлетнім чэмпіянаце падчас змешанай эстафеты, калі мішэнь не закрылася ў нарвежца Б'ёрндалена і ён праехаў лішні штрафны круг. Тады нават прыйшлося перагледзець вынікі, забраць перамогу ў зборнай Славеніі і перадаць яе камандзе Нарвегіі. Зараз нямецкі трэнерскі штаб усё ж такі не рашыўся апратэстоўваць вынікі жаночай гонкі праследавання, бо гэта паставіла б пад сумненне не толькі імідж знакамітага біятлоннага цэнтра ў Рупольдынгу, але і ўвесь нямецкі біятлон: трэнерскі штаб папросту маглі абвінаваціць у дапамозе сваёй спартсменцы. Ды і Нойнер не пратэставала, а, здаецца, цалкам была задаволена сваім другім месцам.Барацьбу за трэцяе месца вялі некалькі спартсменак, але расіянка Вольга Вілухіна здолела абысці на фінішы і нарвежку Туру Бергер, і шведку Хелену Экхольм.
Пасля выйгрышу Дар'я Домрачава прызналася, што марыла выйграць чэмпіянат свету з шасці гадоў:
— На апошнім рубяжы для мяне існавалі толькі мае мішэні — я была быццам бы ў тунэлі. Я не ведала, як тут адпрацавала Лена (Нойнер — рэд.), але калі пакідала стрэльбішча, то ўбачыла яе на штрафным крузе. У гэты момант я зразумела, што магу перамагчы. Марце — і вашы мары ажыццявяцца. Я марыла пра перамогу ўвесь тыдзень, пакуль знаходзілася ў Рупольдынгу, і з таго часу, як мне споўнілася шэсць гадоў. Сёння нічога не мяняла ў сваёй стральбе. Да той пары, пакуль ёсць магчымасць адыграць некалькі секунд, то заўсёды ёсць шанц. Нельга здавацца да самага канца. Канешне, я адчуваю сябе выдатна. Мы змагаемся з Нойнер на працягу сезона, прыемна, што ўдалося апярэдзіць яе сёння, — прызналася Дар'я.
За дзень да трыумфальнай перамогі ў гонцы пераследавання адбылася спрынтарская гонка, дзе Дар'я Домрачава заваявала сярэбраны медаль.