"Трэба вучыцца гуляць у атаку"

Источник материала:  

Георгій Кандрацьеў дэбютаваў з нулявой нічыёй у матчы супраць Малдовы

Дэбют сёмага па ліку трэнера нацыянальнай зборнай па футболе Георгія Кандрацьева здарыўся ўдалечыні ад вачэй беларускіх балельшчыкаў — у турэцкай Антальі. У дзень, прызначаны ФІФА для таварыскіх сустрэч, калі Францыя перайграла Германію (2:1), Галандыя — Англію (3:2), а іспанцы разграмілі венесуэльцаў (5:0), нашы футбалісты сустракаліся з малдаванамі. Вынік атрымаўся цалкам таварыскі — 0:0.

У складзе Георгій Кандрацьеў, як і абяцаў перад матчам, ніякіх рэвалюцый не здзяйсняў. На поле ў першым тайме выйшлі амаль усе правераныя Штанге "штыкі": Жаўноў, Бардачоў, Мартыновіч, Верхаўцоў, Шытаў, Кісляк, Кульчы, Крывец, Няхайчык. І толькі два навічкі — натуралізаваны бразілец Рэнан Брэсан, які абраў футболку з клубным 10-м нумарам, і нападаючы салігорскага "Шахцёра" Дзмітрый Камароўскі. Менавіта навічкі і імкнуліся распячатаць вароты суперніка ў стартавыя хвіліны матча, калі беларусы былі па заданні трэнера надзвычай актыўнымі. Напрыканцы другой хвіліны Камароўскі выйшаў сам-насам з варатаром суперніка, аднак не здолеў яго перайграць, і Нямашка адбіў мяч нагамі. У актыў нашай каманды можна занесці і ўдар Брэсана з дальняй дыстанцыі і яшчэ некалькі спроб Камароўскага рэабілітавацца за першую няўдачу. Але ўсё гэта выніку не прынесла. Напрыканцы першага тайма Аляксандр Кульчы, які праводзіў 99-ты матч за зборную, пальнуў з 25 метраў, і мяч прайшоў ушчыльную са штангай.

У перапынку трэнеры абедзвюх каманд істотна перакроілі свой склад. У нас на поле выйшаў Ігар Стасевіч, абдзелены ў свой час увагай Штанге, у варотах Жаўнова замяніў Верамко, таксама на замену выйшлі Карыцька, Філіпенка, Трубіла і Пуціла. Аднак дывідэндаў у выглядзе галоў не атрымалася. Напрыканцы матча малдаване ажывіліся і нават трохі збянтэжылі беларусаў серыяй вуглавых. Але ўсё абышлося.

Пасля матча Георгій Кандрацьеў прызнаўся, што гэты паядынак прымусіў яго па-іншаму паглядзець на гульцоў. Праўда, ён не ўдакладніў, станоўчы гэта ці адмоўны ракурс.

<І>— Зразумела, мы хацелі перамагчы. Не ўдалося. У першыя пяць хвілін стварылі тры верныя моманты, якія не здолелі рэалізаваць. Пасля гэтага гульня стала нагадваць арэлі. Пяць-шэсць хвілін дзейнічалі нармальна — потым правал, пяць-шэсць хвілін нармальна — зноў правал... Рыхтуючыся да матча, адзначыў, што малдаване вельмі добра гуляюць у абароне. Усе ведаюць пра наш недахоп форвардаў. Да таго ж галоўная праблема беларускага футбола зноў нагадала пра сябе: мы не выкарыстоўваем пас наперад, аддаючы перавагу ў асноўны папярэчным перадачам. Трэба вучыцца гуляць у атаку...І ўсё роўна сустрэча з малдаванамі атрымалася карыснай. У тым сэнсе, што прымусіла мяне паглядзець на гульцоў асаблівым позіркам. Не буду ўдакладняць, з якога боку — станоўчага ці адмоўнага, — сказаў Георгій Кандрацьеў.

Трэнер малдаўскай зборнай Іон Карас зрабіў нам камплімент — ён рады, што беларусам не ўдалося вызначыцца:

— Гульня спадабалася. Хлопцы праявілі дысцыпліну, самаадданасць, жаданне. Вынік нас цалкам задаволіў. У нашай камандзе сёння гуляла шмат навічкоў, якім для такіх сустрэч пакуль не хапае майстэрства. Зборная Беларусі — моцная гуляючая каманда. Рады, што ім не ўдалося вызначыцца.

Наступны матч наша каманда правядзе ў Мінску супраць азербайджанцаў. Ён мае адбыцца 5 чэрвеня.

Алена АЎЧЫННІКАВА

¢ 

←Во втором матче серии плей-офф КХЛ минское "Динамо" вновь проиграло динамовцам Москвы (обновлено)

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика