Наперадзе — Германія і Іспанія
Мінскае "Дынама" і брэсцкі БГК імя Мяшкова чакае выпрабаванне клубамі лепшых чэмпіянатаў кантынента.
Дзякуючы нядаўнім перамогам, лідары айчыннага гандбола праклалі шлях у еўракубкавую вясну. Згодна з лёсаваннем, мінскае "Дынама" ў чвэрцьфінале розыгрышу Кубка ЕГФ згуляе супраць нямецкага "Гепінгена", а брастаўчане за квіток у паўфінал Кубка Кубкаў пазмагаюцца з іспанскім "Арагонам" з Сарагосы. Цікава, што перад тым, як трапіць на "Арагон", хлопцы Гінтараса Савукінаса перамаглі шведскі "Лугі", а "дынамаўцы" апярэдзілі іспанскі "Гранольерс". Вось такое геаграфічнае дэжавю.
— Вынікі лёсавання ў камандзе ўспрынялі нармальна, без панікі, — каментуе жараб'ёўку Юрый Грамыка, гандбаліст БГК імя Мяшкова. — У апанентах не хацелася ўбачыць буйны нямецкі "Фленсбург". Лепш было б патрапіць на ўкраінскі "Матор". Што тычыцца іспанскага гандбола, ён найперш вызначаецца добрай тэхнікай. "Арагон" — клуб добры. Зараз займае 5-е месца ў сваёй лізе. Іспанскія каманды наогул не могуць быць дрэннымі.
Супернік "Дынама" — з традыцыямі. "Гепінген" восем разоў святкаваў перамогу ў родным чэмпіянаце, калісьці двойчы быў лепшым у гандбольным Кубку чэмпіёнаў, а летась завалодаў Кубкам ЕГФ. Праўда, сёлета ў падапечных Веліміра Петкавіча не ўсё атрымліваецца. Яго каманда зараз толькі на адзінаццатым радку першынства Германіі.
— Пакуль гульні немцаў не бачыў, але мне здаецца, гэты клуб не такі моцны, як у мінулым годзе. Думаю, нам па сілах перамагчы "Гепінген" і прайсці далей. А пакуль усе нашы думкі — пра матч чэмпіянату Беларусі супраць БГК, — прызнаецца гулец "Дынама" Дзяніс Рутэнка.
Першыя матчы чвэрцьфіналаў адбудуцца 17-18 сакавіка, паўторныя — 24-25 сакавіка.
Тарас ШЧЫРЫ.