Раўбічы прымаюць этап Кубка свету па фрыстайле
У выхадныя тут выступяць усе наймацнейшыя лыжныя акрабаты свету
З 22 па 25 лютага Беларусь прымае этап Кубка свету па фрыстайле. У ім удзельнічае 46 лыжных акрабатаў з усяго свету. Такое права нашай краіне прадастаўлена другі год запар — летась у Раўбічах прайшоў фінальны этап. Арганізатары і госці запэўніваюць, што сёлета турнір арганізаваны значна лепш, чым летась, і, нягледзячы на капрызы надвор'я, пройдзе на самым высокім узроўні.
Як паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Сяргей Нерад, дзякуючы таму, што леташні турнір у нашай краіне быў высока ацэнены Міжнароднай федэрацыяй лыжнага спорту, сёлета Беларусі зноў даверылі правядзенне этапу. Спачатку хваляванні арганізатараў выклікала цёплае і бясснежнае надвор'е, але потым выпаў снег. Зараз зноў надвор'е не спрыяе зімовым відам спорту, але галоўны суддзя спаборніцтваў Віктар Грошаў запэўніў, што сёлета траса падрыхтавана значна лепш і спаборніцтвы адменены не будуць, нягледзячы нават на дождж.
Галоўны трэнер нашай каманды Мікалай Казека расказаў пра падрыхтоўку нашай каманды, якая даўно ўвайшла ў эліту сусветнага фрыстайлу:
— Леташнія спаборніцтвы мелі шырокі рэзананс у міжнародных колах фрыстайла. Усе спартсмены выказваліся, што гэта быў адзін з лепшых этапаў. Сёлета мы лепш падрыхтавалі трасу, маем вялікі запас снегу. Упершыню ў сезоне змаглі прадаставіць 3 трэніровачныя дні спартсменам. Усе прэтэндэнты на перамогу ў Кубку свету прыбылі ў Мінск.
Мікалай Казека паведаміў, што ў спаборніцтвах возьме ўдзел Дзмітрый Дашчынскі, праўда, ён гатовы на 50%. Летась Дзмітрый перанёс аперацыю і прапусціў перадсезонную падрыхтоўку. Верагоднасць таго, што ў Раўбічах выступіць Антон Кушнір — 75%. Фрыстайліст атрымаў траўму на перадсезоннай падрыхтоўцы і пакуль сумяшчае выступленні з аднаўленнем. Яшчэ адзін наш вядомы фрыстайліст, алімпійскі чэмпіён Аляксей Грышын, аднаўляецца пасля траўмы спіны і ў сакавіку прыступіць да трэніровак. Каманду прадставіць сярэбраны прызёр аднаго з этапаў Максім Гусцік.
Алена АЎЧЫННІКАВА.