Міні-футбол у адну касу: Маладзечна накідала Вілейцы і Валожыну кошык мячоў
Пра бяспеку маладзечанскіх варот, акрамя галкіпера, думаюць таксама Дзмітры Касцюк і Павел Ляпета.
Фота Сяргея ЗЯНЬКО.
Аргумент маладзечанцаў – 30 забітых мячоў у вароты сапернікаў супраць 6 прапушчаных. Усё гэта – усяго ў трох гульнях.
Каманды Лагойскага, Маладзечанскага, Вілейскага і Валожынскага раёнаў аспрэчвалі адзіную пуцёўку на фінал чэмпіянату.
– Нават не ведаю: ці гэта мы такія моцныя, ці сапернікі слабыя, – сказаў у інтэрв'ю «РГ» трэнер маладзечанскай каманды Віталь Казяк. – Гульні праходзілі, як кажуць, у адну касу. Гэта значыць – у вароты сапернікаў. Я нікога з гульцоў не буду адзначаць. Усе адпрацавалі добра.
Віталь Казяк расказаў: у валожынскай каманды яго падапечныя выйгралі з лікам 14:2. З віляйчанамі абыйшліся больш сціпла: 8:3. Лагойску таксама накідалі столькі, як віляйчанам, але прапусцілі на два галы менш – 8:1.
Маладзечанскія вароты абараняў Антон Шчэрба. Палявыя футбалісты гулялі дзвюма чацвёркамі. Першая: Сяргей Дараховіч, Аляксандр Грыхуцік, Дзмітры Касцюк, Дзяніс Смірноў. Другая: Павел Ляпета, Аляксандр Альховік, Мікалай Татун, Дзяніс Ціткоў.
За выхад у фінал чэмпіянату Мінскай вобласці спрачаліся каманды раёнаў у пяці зонах. Пра склад фіналістаў, месца і час правядзення фіналу даведайцеся на сайце rh.by у пачатку наступнага тыдня.
Сяргей ЗЯНЬКО.