Георгій Кандрацьеў: "Без фарту ў футболе ніяк"

Источник материала:  

Георгій Кандрацьеў: "Без фарту ў футболе ніяк"

Даведка

Георгій Пятровіч Кандрацьеў

Нарадзіўся 7 студзеня 1960 года ў вёсцы Любанічы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.

Футбольную кар'еру пачаў у віцебскай "Дзвіне", якая выступала ў 2-й саюзнай лізе. З 1980 па 1988 выступаў у мінскім "Дынама", правёў 211 матчаў і забіў 66 мячоў. Пасля гуляў за адэскі "Чарнаморац", маскоўскі "Лакаматыў", з 1991 па 1997 год — у клубах Аўстрыі, Фінляндыі, Украіны і Германіі. Закончыў кар'еру ў 1998 годзе ў мазырскай "Славіі". За зборную СССР выступаў у 1984—1986 гг. Правёў 14 матчаў і забіў 4 галы.

Чэмпіён СССР 1982 года, бронзавы прызёр 1983 года, фіналіст Кубка СССР 1987 года. Двойчы — у 1985 і 1987 гадах — уключаўся ў спіс 33-х лепшых футбалістаў СССР.

Самы выніковы з беларускіх савецкіх форвардаў, уваходзіць у клуб Рыгора Фядотава. У яго актыве 124 галы і 31-е месца. У зборнай СССР пры Эдуардзе Малафееве ў вырашальнай гульні за выхад на чэмпіянат свету супраць нарвежцаў 30 кастрычніка 1985 года забіў вырашальны гол (1:0). Але ў Мексіку на чэмпіянат свету не трапіў, бо Эдуарда Малафеева на трэнерскай пасадзе змяніў Валерый Лабаноўскі, у якога былі свае сімпатыі. Таксама футбаліст не трапіў і на Алімпійскія гульні ў складзе зборнай СССР, якая іх байкатавала ў 1984-м. Аднак лёс выправіў несправядлівасць: ужо ў якасці трэнера Георгій Кандрацьеў заваяваў з нашай маладзёжкай упершыню ў гісторыі беларускага футбола пуцёўку ў Лондан-2012. Дарэчы, ні расіяне, ні ўкраінцы такога поспеху яшчэ не дасягалі.

Трэніраваў віцебскі "Лакаматыў" (2003—2004), "Смаргонь" (2005—2008), а з 2009 года — моладзевую зборную Беларусі. У 2011-м прызнаны лепшым трэнерам года ў Беларусі.

Новы трэнер нацыянальнай зборнай па футболе Георгій Кандрацьеў, які змяніў немца Бернда Штанге, напярэдадні першага матча ў сезоне (ён пройдзе 29 лютага ў турэцкай Анталлі) паведаміў, што зменіцца ў галоўнай камандзе і які ў яго асноўны галаўны боль, паразважаў аб праблемах нацыянальнага чэмпіянату і аб зменлівасці лёсу сталічнага клуба "Партызан", узгадаў свой першы трэнерскі кантракт са "Смаргонню" і расказаў, як з-за журналістаў кінуў курыць.

"Можна паставіць задачу стаць чэмпіёнам свету. Але ці выканальная яна?"

— Георгій Пятровіч, Савет Міністраў краіны зацвердзіў праграму развіцця футбола на 2011—2015 гг., дзе нашай нацыянальнай зборнай паставілі задачу выйсці ў фінал чэмпіянату свету-2014. Для гэтага, як вядома, наша каманда павінна абысці ў групе або дзейнага чэмпіёна свету Іспанію, або чэмпіёна свету-1998 Францыю, не кажучы пра Грузію і Фінляндыю. Як вы, адзін з галоўных выканаўцаў такой задачы, яе пракаментуеце?

— Асабіста мне такой задачы ніхто не ставіў: ні падчас размовы па кантракце са старшынёй федэрацыі Румасам, ні падчас гутаркі з яго намеснікам Сафар'янам. А хто гэтую праграму пісаў, для мяне застаецца загадкай. Можна паставіць задачу і чэмпіёнам свету стаць, але ці выканальная яна? Магчыма, пісалі людзі, якія не вельмі разбіраюцца ў футболе. Або ўзялі папярэднюю праграму, у якой проста пераставілі лічбы.

— Якія задачы ставіць перад вамі федэрацыя?

— На гэты адбор канкрэтных задач не было. Трэба годна гуляць у кожным матчы, нагульваць склад на наступны адборачны цыкл на чэмпіянат Еўропы. А вось там будзе стаяць канкрэтная задача. Магчыма, на Еўра-2016 у фінальнай частцы будзе гуляць не 16, а 24 каманды. Там можна ставіць задачу на выхад у фінальную частку.

— Галоўны трэнер заўсёды знаходзіцца пад градам крытыкі. Вы да яе гатовы?

— Гатовы. Мяне шмат крытыкавалі, нават калі мы з маладзёжкай занялі трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы. Рашэнне ўзначаліць нацыянальную зборную я прымаў абдумана і крытыкі не баюся. У нас, як вядома, у футболе, палітыцы і сельскай гаспадарцы ўсе разбіраюцца.

"Нас з Пракопам называлі фартовымі. А гэта не фарт, а адчуванне, куды мяч адскочыць"

— Як вы, самы выніковы з савецкіх беларускіх форвардаў, ставіцеся да праблемы з нападаючымі ў нацыянальнай камандзе? Ваш папярэднік Штанге пастаянна на яе скардзіўся...

— Так, вялікая праблема ў нас з нападаючымі. Радзівонаў і Карніленка адпавядаюць узроўню зборнай, аднак ім ужо па 29 гадоў. А за імі — бездань. Кім гуляць — адзін з асноўных маіх галаўных боляў. Не дай Бог, з хлопцамі нешта здарыцца, будуць у нас вялікія праблемы. Нападаючага складана вырасціць, ім трэба нарадзіцца, гэта ў крыві павінна быць. Гэта як тарэадоры — імі не становяцца, а нараджаюцца. У нападаючага павінна быць развіта моцнае галявое адчуванне. Ён можа добра гуляць у цэнтры поля, але не забіваць. Тут шмат залежыць ад інтуіцыі...

— Як у Месі?

— Месі — гэта індывідум, такіх больш няма, пра яго лепш не будзем гаварыць. А вось цэнтральныя нападаючыя павінны мець галявое адчуванне. Як, скажам, у Марка ван Бастэна (гэта адзін з маіх любімых гульцоў) ці немцаў Хорса Хрубеша, Клауса Фішэра. Яны адчуваюць, у якое месца трэба прыбегчы, і туды ляціць мяч.

— Ёсць упэўненасць, што ў вас таксама было гэтае адчуванне.

— Было, бо хто мяне вучыў? Я нарадзіўся ў вёсцы і да 15 гадоў увогуле не трэніраваўся. Гэта было ў крыві. Магчыма, мы дрэнна шукаем у дзіцячым узросце. Навучыць нападаючага правільна гуляць у штрафной вельмі складана. Ён можа правільна бегчы, але часам трэба прыняць нейкае нестандартнае рашэнне, не ў тое месца бегчы. Вучаць набягаць увесь час на блізкую, а часам трэба і на далёкую "кропку". У мяне гэтае адчуванне было. Я ўгадваў, куды зрыкашэціць мяч пасля барацьбы. І ў Сашы Пракапенкі галявое адчуванне было. Ён часта станавіўся за мной, штурхаў мяне ў кучу, і мяч пасля рыкашэту ўвесь час яму даставаўся. Усе казалі: "Пракоп, у цябе там магніты ў нагах стаяць і мяч прыцягваюць. Ты фартовы". Гэтак жа і на мяне казалі — фартовы. Гэта не фарт, гэта прадчуванне, куды мяч адскочыць.

— У вашым дзяцінстве ні мячоў не было, ні экіпіроўкі, затое якая цікавасць была да футбола — людзі з іншых гарадоў тысячамі ехалі на матч! Зараз наадварот — на полі гуляюць прафесіяналы, а людзям нецікава: матчы нацыянальнага першынства праходзяць з некалькімі сотнямі балельшчыкаў, а часам з падтрымкай сяброў і сваякоў саміх футбалістаў...

— Так, "Дынама" ў свой час збірала 50 тысяч заўзятараў. Але і БАТЭ, калі гуляе ў еўракубках, таксама збірае поўны стадыён. У той час было толькі "Дынама-Мінск" і каманды з другой саюзнай лігі. Праўда, і на другую лігу хадзілі і ў Гомелі, і ў Гродне, і ў Брэсце — па 8-10 тысяч. Але тады не было інтэрнэту, іншых забаў. Футбол быў і забавай, і адпачынкам, людзі з задавальненнем ішлі на стадыён. З усёй краіны ехалі на "Дынама". Зараз у нас шмат камандаў, свой чэмпіянат, не такі цікавы. Але не думаю, што ў Беларусі сталі менш любіць футбол.

— Тое, што "Партызана" не будзе ў вышэйшай лізе — добра ці дрэнна для чэмпіянату?

— Я ў справы клуба не ўнікаў, але мяркую, што і кіраўніцтва каманды вінаватае, і, магчыма, нашы футбольныя ўлады... Але як дапамагчы, калі гэты праект нікому не цікавы? З кожным годам у нас у футболе становіцца ўсё складаней і складаней. На мой погляд, як бы дзяржава ні падтрымлівала, калі прыватнікі не будуць укладваць грошы, у футбола няма будучыні. Якія ў нас самыя моцныя ў фінансавым плане каманды? БАТЭ і мінскае "Дынама", дзе прыватны гаспадар. Расія таксама ідзе па гэтым шляху. "Краснадар" — адзін з наймацнейшых клубаў, бо яго ўладальнік Сяргей Галіцкі — вельмі нябедны чалавек. Ён у свой час сказаў, што зарабіў і сабе на старасць, і дзецям, а цяпер хоча развіваць футбол. І будуе выдатную базу для клуба — інтэрнат, палі, стадыён... Яшчэ адзін расійскі прыклад — "Анжы".

"Выклічу Стасевіча і Брэсана"

— 29 лютага наша каманда згуляе першы ў сезоне таварыскі матч супраць Малдовы. Наколькі зменіцца каманда Кандрацьева ў параўнанні з камандай Штанге?

— У нас не так шмат людзей, каб казаць пра грунтоўныя перамены. Вядома, будзем выклікаць новых людзей, даваць ім шанц, не забываючы і тых, хто гуляў.

— Аляксандру Глебу ёсць месца ў гэтай камандзе?

— Пакуль няма, бо ён не знайшоў клуб. Знойдзе — будзе выклікацца і ў зборную. Раскідвацца такімі людзьмі, як Саша, якія нараджаюцца раз у два дзесяцігоддзі, нельга.

— Магчыма, у камандзе з'явіцца хтосьці, каго Штанге ігнараваў?

— Складана пакуль казаць, хто будзе добра выглядаць. На гэты збор хутчэй за ўсё выклічу Ігара Стасевіча з мінскага "Дынама". Калі прыйдзе адказ, што Брэсану можна гуляць у бліжэйшым матчы, то выклічам і яго.

"Усе букмекерскія канторы адназначна адводзілі нам на чэмпіянаце Еўропы восьмае месца"

— Як праз паўгода глядзіце на гістарычнае дасягненне з нашай маладзёжкай? Матч за фінал з іспанцамі не сніцца?

— Не сніцца, але часта яго ўзгадваю. Мы вялі 1:0 да 89-й хвіліны. І калі іспанцы, здаецца, ужо здаліся — не было тых атак, як на працягу матча, агрэсіі, — нешта я не так зрабіў, дзесьці хлопцы недабеглі, недацярпелі. Напэўна, так футбольнаму богу трэба было — яшчэ раз нас выпрабаваць у матчы з чэхамі. І ў тым паядынку хлопцы годна выглядалі і перамаглі. Напярэдадні чэмпіянату чэхі былі ў рэйтынгу першай камандай. А на нас, дарэчы, ніхто не ставіў. Нам адназначна адводзілі восьмае месца ўсе букмекерскія канторы... Не скажу, што ўзгадваю чэмпіянат Еўропы з эйфарыяй. Цяпер нам трэба даказаць, што невыпадкова мы трапілі на Алімпіяду.

— Пасля чэмпіянату Еўропы вас зноў пачалі называць шчасліўчыкам...

— Няхай называюць і далей усё так ідзе. Я буду толькі рад. У футболе, у спорце без фарту — нікуды. Мяч можа трапіць у перакладзіну і за лінію, а можа — у вароты. Як у матчы "Рэал" — "Барселона": б'е О'Зіл з "Рэала" — мяч трапляе ў перакладзіну і вылятае. Б'е "Барселона": мяч ад перакладзіны ў вароты залятае. Так што без фарту ніяк... А хлопцы з маёй маладзёжкі — вялікія малайцы. Не валодаючы асаблівымі дадзенымі ў футболе, яны дасягнулі такога поспеху для Беларусі. Маральны дух у камандзе быў вельмі моцны. Ну і майстэрства, значыць, было — без яго перамагчы немагчыма. Самі галы ў вароты не залятаюць.

"Першы кантракт у "Смаргоні" быў на 200 долараў"

— Георгій Пятровіч, нядаўна вы адпачывалі ў Гродзенскай вобласці. Чаму беларускі санаторый? У футбалістаў зараз модна ездзіць, напрыклад, у Дубаі...

— Ды я ў санаторыях быў усяго два разы. Не люблю далёка і надоўга з дому адлучацца. Калі шчыра, то некалькі гадоў таму я і не мог сабе дазволіць адпачынак за мяжой. Думаеце, я вялікія грошы зарабляў? Працаваў галоўным трэнерам у "Смаргоні", першы кантракт у мяне быў на 200 долараў... Зараз магу сабе гэта дазволіць, але ўжо і не хочацца.

— Раскажыце пра вашу сям'ю.

— Гэта жонка, дачка і ўнучка Ева. Яшчэ два сабакі і кошка. З жонкай пазнаёміўся ў 82-м. Сябар прывёў яе на футбол, мы з "Шахцёрам" гулялі, пасля паехалі на Мінскае мора, у "Юнацтва", там была нядрэнная дыскатэка... А праз два гады мы пажаніліся. Дачка зараз жыве асобна. Еве ў снежні споўнілася два гады, яна пачала размаўляць, вельмі цікавы ўзрост. Часта гасцюе ў нас. Не магу сказаць, што я надзвычай хатні, я і з сябрамі люблю сустрэцца, пасядзець. Але сям'я, безумоўна, на першым месцы.

— Курыць кінулі канчаткова?

— У лістападзе кінуў і амаль тры месяцы трымаюся. Я даўно хацеў кінуць, ды і ўрачы мне раяць. Аднойчы два месяцы не курыў, але калі Юра Курненін памёр, зноў пачаў. А ў лістападзе захварэў і дзесяць дзён не курыў. І тут прэс-канферэнцыя. Журналісты пытаюць: не збіраецеся кінуць курыць? Я думаю: спрыяльны момант, скажу, што ўжо кінуў. А раз сказаў, трэба слова трымаць.

Гутарыла Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Волейболисты минского "Строителя" не пробились в четвертьфинал Кубка вызова

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика