СПОРТ- ТАЙМ
Гэтая самая буйная за чатыры сезоны выступленняў у КХЛ перамога нашага клуба з лікам 5:0 здарылася ў нядзелю. Ахвярай стаў ніжнякамскі "Нафтахімік". Нягледзячы на разгромны лік, перамога далася нашаму клубу не так проста. Лік мінчане адкрылі толькі ў другім перыядзе, прымусіўшы нямала панервавацца балельшчыкаў. Першы гол у вароты "Нафтахіміка" насіў кур'ёзны характар, бо шайбу закінуў абаронца гасцей, імкнучыся адкінуць яе ад варот. У другім перыядзе яшчэ аднойчы дынамаўцы закінулі, вызначыўся Аляксандр Паўловіч — 2:0. А вось у трэцім перыядзе супернік быў канчаткова дэмаралізаваны і прапусціў яшчэ тры шайбы. Пры гэтым госці пераўзышлі дынамаўцаў па колькасці кідкоў па варотах — 28 супраць 26, але варатар "зубраў" Кевін Лаланд у гэтым паядынку быў бездакорным, за што і справядліва прызнаны лепшым гульцом матча.
"Юнацтва" спынілася ў кроку ад Кантынентальнага кубкаТрафей, які сталічны хакейны клуб заваёваў двойчы (у 2007-м і 2011-м) сёлета дастаўся французскаму "Руану". "Юнацтва" стала другім.
У фінальнай частцы гэтага міжнароднага турніру, дзе апошнія гады каманда Міхаіла Захарава прадстаўляе беларускі хакей, "Юнацтва" стартавала з паражэння ад украінскага "Данбаса" — 1:2. Але шанцы на першае месца ад гэтага мінскі клуб не страціў. Разам з ім на трафей прэтэндавалі і "Данбас", і "Руан", якія абыгралі італьянскі "Азіяга". У другім туры "Юнацтва" перамагло французаў з лікам 4:2, і гэта азначала, што калі "Руан" у заключным матчы турніру пераможа "Данбас" з розніцай у адну ці дзве шайбы, то пры роўнай колькасці ачкоў з украінцамі і французамі беларусы выходзяць на першае месца па дадатковым паказчыку — розніцы шайбаў у матчах паміж гэтымі трыма камандамі. Атрымаўшы перамогу над "Азіяга" з лікам 4:1, "Юнацтва" заставалася чакаць выніку бітвы паміж "Руанам" і "Данбасам". Збольшага ўсё складвалася так, як і трэба мінчанам: "Руан" перамагаў з лікам у 1-2 шайбы. Калі да канца матча заставалася крыху больш за 2 хвіліны, французы здолелі закінуць пятую шайбу і перамаглі з розніцай у тры шайбы — 5:2. А значыць, заваявалі Кантынентальны кубак. Мінчанам засталося задаволіцца другім месцам, якое яны, дарэчы, займалі ў 2010 годзе.
Міхаіл Захараў пахваліў сваіх падапечных за такі вынік, што, дарэчы, лагічна, улічваючы, што ў сёлетнім чэмпіянаце Беларусі "Юнацтва" пакуль не на вядучых пазіцыях:
— Мы не займаліся падлікам варыянтаў. Нашай задачай было абыграць "Азіяга", што мы і зрабілі. Так, магчымасці заняць першае месца былі, але мы не наракаем ні на лёс, ні на рэгламент, выступілі і так больш чым дастойна. Мы — другія, а "Данбас" з больш чым 20-мільённым бюджэтам — трэці. Ганаруся нашымі ветэранамі, ды і моладзь, якая ў чэмпіянаце Беларусі не заўсёды гуляе бліскуча, на моцным міжнародным турніры змагалася на ўсе сто. Так што камандзе па пяцібальнай шкале стаўлю пяць з плюсам.
Віка Азаранка выйшла ў другі круг Аustrаlіаn ореn16 студзеня ў 1/64 фіналу Азаранка не дала ніякіх шанцаў першай суперніцы на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі Хізер Уотсан (193-ці рэйтынг) з Вялікабрытаніі. Сустрэча доўжылася 67 хвілін і скончылася з лікам 6:1, 6:0 на карысць беларускі. Наступнай суперніцай Вікторыі стане аўстралійка Кейсі Дэлаква (126).
У гонцы пераследавання Домрачава стала 4-й, А Нойнер страляла па чужых мішэнях
Усе мы памятаем казусы з нашай Дар'яй, якая то стойку з лёжкай пераблытае, то пачне страляць па чужых мішэнях. Але такія непрыемнасці могуць з кім заўгодна здарыцца, што і пацвердзіла лідар агульнага заліку Кубка свету Магдалена Нойнер. У гонцы пераследавання, якая завяршала этап Кубка свету ў чэшскім Нове Места, Нойнер прэтэндавала на месца на п'едэстале да першай стральбы, дзе яна пачала паліць па чужой устаноўцы. У выніку біятланістцы прыйшлося наматаць чатыры штрафныя кругі. А нарвежка Тора Бергер (менавіта па яе ўстаноўцы страляла Нойнер) атрымала ў якасці кампенсацыі пяць секундаў. Але і без гэтага гонку яна выйграла. Другое месца заняла шведка Экхольм, трэцяе — францужанка Мары Брунэ. Дар'я Домрачава, якая стартавала 10-й, дапусціла 2 промахі і стала 4-й.
Гандбалісты — у плэй-оф чэмпіянату свету-2013Мужчынская зборная па гандболе прымушае заўзятараў узгадваць слаўную гісторыю гэтага віду часоў Спартака Мірановіча, калі Беларусь у гандболе была на самых высокіх месцах. Нарэшце наша каманда выйшла ў плэй-оф чэмпіянату свету. На пляцоўцы Палаца спорту нашы гандбалісты перайгралі сваіх асноўных канкурэнтаў па 7-й кваліфікацыйнай групе — румынаў з лікам 28:23, узяўшы рэванш за нядаўняе паражэнне ў Бухарэсце (22:25). Да гэтага падапечныя Юрыя Шаўцова двойчы абыгралі каманду Люксембурга — 37:19 (у гасцях) і 33:32 (дома). У выніку Беларусь займае першае месца ў групе (6 ачкоў). Столькі ж мае Румынія, але з горшай розніцай мячоў яна на другім месцы. Люксембург ачкоў не мае. А наша каманда заваявала права выступіць у плэй-оф чэмпіянату свету-2013.
Алена АЎЧЫННІКАВА.