СПОРТ- ТАЙМ

Источник материала:  
У Аберхофе Дар'я Домрачава заняла другое месца ў спрынце

А вось у мас-старце выступіла няўдала

Лідар нашай біятлоннай зборнай Дар'я Домрачава заняла другое месца ў спрынтарскай гонцы на этапе Кубка свету ў Аберхофе. Дар'я дапусціла адзін промах, але дзякуючы адметнай хуткасці апярэдзіла расіянку Вольгу Зайцаву, якая адстралялася на нуль. Вольга Зайцава ў выніку стала трэцяй. А выйграла гонку немка Магдалена Нойнер, якая таксама прайшла дыстанцыю без промахаў. Добры вынік нечакана паказала яшчэ адна беларуска, Настасся Дубарэзава: не дапусціўшы ніводнага промаху, яна заняла сёмае месца.

А вось заключную гонку, якая ў нядзелю завяршала праграму Кубка свету ў Аберхофе, Дар'я Домрачава правяла няўдала. Бегла па лыжні беларуска, як заўсёды, хутка, а вось стральба яе падвяла. На 4-х рубяжах біятланістка не закрыла 5 мішэняў. На першым рубяжы Дар'я прамахнулася двойчы і адразу "адляцела" на 28-е месца. З касмічнай хуткасцю яна даганяла лідараў пасля 2-й стральбы, якую правяла на нуль, і выйшла на 11-е месца. Крыж на надзеях паставіла трэцяя стральба, дзе Дар'я зноў зрабіла два промахі. А калі на чацвёртым стрэльбішчы яна прамахнулася яшчэ раз, шанцаў на п'едэстал не засталося ўвогуле. Усё, што здолела зрабіць беларуска, — падцягнуцца да лідараў, заняўшы выніковае сёмае месца. Выйграла гонку зноў Магдалена Нойнер, якая, дарэчы, таксама тройчы прамахнулася. Зноў парадавала Настасся Дубарэзава, якая ўпершыню ўдзельнічала ў мас-старце і, дапусціўшы адзін промах, заняла высокае 10-е месца.

Выезд "Дынама" ў Сібір не атрымаўся

Выязная серыя ў Сібіры мінскаму "Дынама" не ўдалася. З дзевяці магчымых ачкоў "зубры" ўзялі ўсяго 2. "Дынама" прайграла новакузнецкаму "Металургу", па булітах адолела "Амур" і саступіла "Сібіры" — 11-й камандзе Усходняй канферэнцыі. Вынік, мякка кажучы, не надта адметны для аднаго з лідараў чэмпіянату.

Мінчане апярэдзілі гаспадароў па колькасці кідкоў — 47 супраць 23. Але растранжырылі большасць сваіх момантаў. "Сібір" адкрыла лік на 27-й хвіліне, а на 34-й Джэф Плат аднавіў раўнавагу — 1:1. Але ўжо на 36-й гаспадары зноў выйшлі наперад і больш даганаць сябе не дазволілі. Трэцюю шайбу беларусы атрымалі ў большасці, і калі Іргл скараціў адставанне, "Сібір" закінула чацвёртую шайбу — 4:2. Пятую шайбу "Дынама" атрымала ў пустыя вароты, калі замяніла варатара на шостага палявога гульца.

Максім Мірны выйграў першы турнір-2012

Максім Мірны ў пары з канадцам Даніэлем Нестарам выйгралі першы ў сезоне тэнісны турнір у аўстралійскім Брысбене з прызавым фондам у 423 тысячы долараў. У фінале беларуска-канадскі дуэт, сеяны пад першым нумарам, перамог з лікам 6:1, 6:2 у другой пары турніру Юргена Мельцэра (Аўстрыя) — Філіпа Петцшнера (Германія). Сустрэча доўжылася 53 хвіліны. На шляху да фіналу Мірны і Нестар адолелі ў 1/8 гаспадароў турніру Мэцью Эбдэна і Крыса Гуачыне, у чвэрцьфінале іх супернікі з-за траўмы адмовіліся ад барацьбы. У паўфінале "палі" швед Роберт Ліндстэд і румын Хорыя Тэкаў — 6:2, 7:6.

Хасэп Гвардыёла — трэнер года

Трэнер "Барселоны" Хасэп Гвардыёла прызнаны лепшым клубным трэнерам года ў 2011 годзе, паведамляе сайт Міжнароднай федэрацыі футбольнай гісторыі і статыстыкі. У галасаванні бралі ўдзел эксперты з 81 краіны. На другім месцы — настаўнік мадрыдскага "Рэала" Жазэ Маўрынью, які летась быў найлепшым. Трэцім стаў трэнер "Манчэстэр Юнайтэд" сэр Алекс Фергюсан.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

Памёр вядомы беларускі футбаліст Пётр Васілеўскі

Сёння на 56-м годзе жыцця ў адной з мінскіх бальніц памёр вядомы беларускі футбаліст і трэнер Пётр Васілеўскі, паведамляе БЕЛТА.

У бытнасць іграком ён з 1973 па 1984 год выступаў у складзе мінскага "Дынама", у якім у 1982 годзе стаў чэмпіёнам Савецкага Саюза і ўвайшоў у лік 33-х лепшых футбалістаў краіны. З роднага "Дынама" Пётр Васілеўскі ненадоўга пайшоў у ташкенцкі "Пахтакор", пасля таго як летам 1979 года ўзбекская дружына загінула ў авіякатастрофе, накіроўваючыся на матч саюзнага першынства ў Мінск. У 1980 годзе форвард вярнуўся ў дынамаўскі клуб, а завяршыў ігравую кар'еру ў магілёўскім "Дняпры" ў 1985 годзе. У вышэйшай лізе чэмпіянату СССР Пётр Васілеўскі правёў 277 матчаў, забіўшы 59 мячоў. Пасля завяршэння актыўнай кар'еры Пётр Пятровіч працаваў трэнерам віцебскага КІМа, а затым у юнацкай зборнай Беларусі.

Раней з чэмпіёнскага складу "Дынама-82" пайшлі з жыцця Аляксандр Пракапенка, Віктар Янушэўскі і Юрый Курненін.

←Прощай, форвард

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика