Адбыўся апошні сёлета прабег
Смаргонскія і маладзечанскія бегуны 24 снежня ў Мінску ўдзельнічалі ў Калядным лёгкаатлетычным прабегу. Вярнуліся з перамогай.
У праграме традыцыйнага прабегу, які адбыўся ў 32 раз, былі забегі на 3 км і на 15 км. На старт, паводле інфармацыі яго арганізатараў, выйшлі 119 чалавек з 18 населеных пунктаў краіны.
У Калядным прабегу ў Мінску ўдзельнічалі амаль 120 спартсменаў. На пярэднім плане – Васіль Лябецкі з Маладзечна.
Наш рэгіён прадстаўлялі па чатыры чалавекі на кожнай дыстанцыі. У бегу на 15 кіламетраў перамаглі ў сваіх узроставых групах Уладзімір Чырыца (Смаргонскі раён) – 57 хвілін 53 секунды, Васіль Лябецкі (Маладзечна) – 1 гадзіна 6 хвілін 57 секунд, Генадзь Сакалоўскі (Маладзечна) – 1:19,10. Ігар Навіцкі прайграў Уладзіміру Чырыцу і фінішаваў другім – 59.35.
На дыстанцыі 3 кіламетры пераможцамі сталі Мілена Чырыца (Смаргонскі раён) – 19 хвілін 40 секунд, Павел Сталбавенка (Маладзечна) – 31.30. Уладзімір Чабанаў (Смаргонь) заняў другое месца – 17.36. Ядвіга Дыдзік (Маладзечна) фінішавала трэцяй – 34.25.
Па словах прадстаўнікоў нашага рэгіёна, дыстанцыі, напэўна, былі крыху большымі, чым пазначана ў пратаколах, пра што сведчаць іх вынікі і самаадчуванне.
У Беларусі гэта быў апошні сёлета прабег. “Навагодні прабег” адбыўся ў Гродне на тыдзень раней. У бегу на 4 кіламетры першае месца заняў Уладзімір Чырыца, Уладзімір Чабанаў – другое, у Ігара Закрэўскага з Маладзечна – трэцяе.
Святлана ЦІШКО.
Фота забяспечана Васілём ЛЯБЕЦКІМ.