"Віцязь" прадэманстраваў, што ўмее перамагаць не толькі ў бойках
Пасля таго, што ў мінулы прыезд учыніў на "Мінск-Арэне" скандальна вядомы клуб "Віцязь", білеты на матч, які адбыўся 20 снежня, былі раскуплены ледзь не за тры тыдні да паядынку. Складана сказаць, што чакалі ўбачыць балельшчыкі — расплату, такі ж сілавы і агрэсіўны, як у чэхаўцаў, хакей, чарговую перамогу... А дынамаўцы проста аказаліся не ў той форме, каб па-мужчынску, на справе даказаць, хто ў доме гаспадар. І на пляцоўцы гаспадарыў "Віцязь", якому ўдалося прадэманстраваць, што ён умее не толькі біцца, але і гуляць.
Без боек, праўда, не абышлося. Але насілі яны стрыманы і лакальны характар. На 18-й хвіліне адзіны не дыскваліфікаваны на матч тафгай "Віцязя" Нік Тарнаскі пабіўся з Томашам Словакам. Да слова, Тарнаскі ўвесь матч задзіраўся, збіў на 26-й хвіліне Андрэя Мезіна, атрымаў дзвюххвілінны штраф. А ў канцы трэцяга перыяду Андрэй Мезін не вытрымаў і скінуў пальчаткі. Галкіпер, які ўступаў у бойку апошні раз восем гадоў таму, прызнаўся, што яго вывеў з сябе Панарын, а бойка патрэбная была для таго, каб узрушыць сябе і каманду:
— Нешта трэба было рабіць, неяк узрушыцца. Напэўна, мне трэба было стрымаць эмоцыі, але не стрымаў. Але гэта аказалася плюсам для каманды. Яшчэ б пару хвілін — і зраўнялі б лік.
У астатнім хакеісты абедзвюх каманд паводзілі сябе вельмі стрымана. Гэтаму спрыяла і прысутнасць высокіх чыноў з КХЛ (у прыватнасці, віцэ-прэзідэнта Уладзіміра Шалаева), якія прыехалі ў Мінск паназіраць за дысцыплінай, а таксама ўбачыць "гатоўнасць да горшага" "Мінск-Арэны". За лаўкай запасных "Віцязя" на ўсялякі выпадак пасадзілі міліцыянераў.
Лік на 23-й хвіліне адкрыў Стась, але Двурэчанскі і Ганчароў хутка вывелі гасцей наперад. У трэцім перыядзе Анісін закінуў трэцюю шайбу — 3:1 на карысць "Віцязя". Часу заставалася ўсё менш, і адыграцца ў дынамаўцаў не было ніякай магчымасці. Як тут не страціць спакой Андрэю Мезіну? Але за 36 секунд да фінальнай сірэны Каралахці адыграў адну шайбу — 2:3. На астатняе ў "Дынама" часу не хапіла.
Гэта трэці запар прайграны матч сталічнымі дынамаўцамі. Марэк Сікора назваў яго найгоршым у гэтым сезоне ў выкананні сваёй каманды:
— Самы дрэнны матч у сезоне. Не паспявалі, супернік даганяў нас ужо ў сярэдняй зоне. Стварылі мала момантаў, у другім перыядзе зрабілі ўсяго толькі пяць кідкоў. У канцы сабраліся, але гэтага было мала. Я казаў гульцам пра тое, што "Віцязь", з таўгаямі ці без іх, складаны, непрыемны супернік. Калі шчыра, чакаў штосьці падобнае, таму вынік не стаў вялікім сюрпрызам для мяне. У мяне не было каманды падчас міжнароднага перапынку. Чатырнаццаць гульцоў паехалі ў зборныя, яшчэ адзін захварэў на ангіну. Хакеісты вярнуліся толькі ўчора, пасля складанага падарожжа, не ў самай добрай форме. Таму ім цяжка было сёння выходзіць на лёд.
22, 24 і 26 снежня "Дынама" працягне хатнюю серыю матчаў.
Алена АЎЧЫННІКАВА.