"Спадзяюся, што будуць выклікаць у зборную"
Лепшы футбаліст чэмпіянату Беларусі Рэнан Брэсан расказаў, дзе будзе гуляць у наступным сезоне, як правядзе адпачынак і калі ў яго сям'і з'явіцца папаўненне.
— Новы галоўны трэнер зборнай Георгій Кандрацьеў быў ініцыятарам таго, каб ты атрымаў беларускае грамадзянства. Што думаеш на гэты конт?
— Спадзяюся, што будзе выклікаць у зборную. Хоць мне яшчэ працаваць і працаваць. Але я думаю, што знаходжуся на правільным шляху. І калі так буду гуляць, як у мінулым сезоне, ён мяне будзе выклікаць.
— Ты той футбаліст, вакол якога не ўзнікае ніякіх чутак наконт трансфераў. На наступны сезон застаешся ў БАТЭ?
— У мяне кантракт з БАТЭ яшчэ на два гады. Я вельмі задаволены тым, што я тут, і хачу працягваць гуляць. Безумоўна, калі з'явіцца прапанова, ад якой я не змагу адмовіцца, тады буду думаць. Пакуль у мяне няма планаў пакідаць клуб. Яшчэ магу тут расці як футбаліст і як чалавек.
Да размовы падключаецца жонка Рэнана, Мар'яна.
— Якія эмоцыі адчуваеце ад поспехаў мужа?
Рэнан: — У маіх поспехах і яе заслуга.
Мар'яна: — Гэта значыць, што я дома ўсё выдатна раблю, гатую і дапамагаю мужу.
— У Беларусі падабаецца?
Мар'яна: — Мова і надвор'е мне яшчэ крыху перашкаджаюць. Але я амаль цалкам адаптавалася. Калі б мне не падабалася, мяне б тут ужо не было.
Рэнан: — Мар'яна вывучае мову, адна можа адна схадзіць у магазін, выйсці ў горад. У Барселону яна ездзіла ў кампаніі жонкі Юрэвіча і Ліхтаровіча, яны разам гулялі, і дзяўчаты сказалі мне, што мая жонка нармальна размаўляе па-руску.
— У Марка Сіміча восем месяцаў таму з'явіўся сын. Калі вы плануеце папаўненне?
Рэнан: — У наступным годзе. Мар'яна таксама так лічыць.
— Як будзеце праводзіць адпачынак?
— У Бразіліі. Ад'язджаем 12 снежня і будзем там крыху больш за месяц.
— Месяца хопіць?
— Спадзяюся, што хопіць. Хочацца больш часу праводзіць дома. Мар'яна, праўда, сёлета прыедзе да мяне не ў лютым, а ў сакавіку-красавіку.
Алена АЎЧЫННІКАВА.
Фота Паўла ДЗМІТРЫЕВА.