Віктар Ганчарэнка: "Або падымаешся наверх, або падаеш уніз"

Источник материала:  

Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка падвёў вынікі сезона, у якім каманда БАТЭ ў чарговы раз заваявала чэмпіёнства і выйшла ў групавы этап Лігі Еўропы. Якім будзе БАТЭ ў наступным сезоне? Што рабіць, каб ён не скончыўся так сумна, як сёлетні? Ці патрэбны БАТЭ канфлікты і ці страціў Ганчарэнка былы юнацкі задор? Пра гэта і іншае расказаў Віктар Міхайлавіч.

 Віктар Ганчарэнка: "Або падымаешся наверх, або падаеш уніз"— Якія агульныя высновы, вынікі і, магчыма, урокі пасля гэтага сезона?

— Чэмпіёнства, выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў, дзе мы набралі ўсяго два ачкі... Усім нам хацелася б больш ачкоў. Дагэтуль не пакідае расчараванне ад хатняй гульні з "Вікторыяй". Гэта пры тым, што многія нашы хлопцы правялі складаны сезон, які ўключаў удзел многіх нашых футбалістаў у моладзевым чэмпіянаце Еўропы. Былі ў нас як добрыя летнія гульні — з "Экранасам" і "Штурмам", так і не зусім удалыя — я маю на ўвазе канцоўку сезона. Мы завяршылі сезон гэтак жа, як і летась, калі слаба фінішавалі, у нас не было не маральных, ні фізічных сіл. Я гэта звязваю з тым, што за апошнія чатыры гады ў нас назапасілася стомленасць. Леташні сезон мы пачалі ў лютым, таму сёлета будзе больш працяглы адпачынак — мы выходзім з яго толькі 23 студзеня. Таму наша галоўная задача — падрыхтавацца да новага, такога ж насычанага сезона. Я заўсёды кажу, што сезон будзе цікавы, кожны клуб чакаюць перамены...Яшчэ калі казаць пра сезон мінулы, то можна ўзгадаць і шэраг нашых траўмаў — выбыла са строю значная група футбалістаў. Паўплываў на каманду і пераход Шытава і Няхайчыка. Спачатку, напэўна, ад гэтага быў нават нейкі станоўчы эфект, а пасля нам іх вельмі не хапала. Пра траўму Радзівонава мы ўсе таксама ведаем. Калі вызначалі лепшага нападаючага, я ведаў, што ён згуляў у чэмпіянаце Беларусі ўсяго тры гульні, і ў гэтых трох гульнях забіў тры мячы. Таму ў мяне і ў думках не было ўключаць яго ў гэты спіс. Але мы ўсе разумеем, што гэта наш лепшы беларускі нападаючы, і тыя трэнеры, якія ацанілі яго, аддалі яму належнае.

— Вы ведаеце ўжо, якія захады будзеце рабіць, каб наступная канцоўка сезона не атрымалася такой жа?

— Так, я мяркую, што папярэднія высновы для сябе мы зрабілі. Але прааналізаваць больш дэталёва яшчэ трэба. Намёткі пэўныя ёсць, як праводзіць канцоўку сезона лепш. У той жа час мы павінны разумець, што самыя важныя матчы для нас кваліфікацыйныя. Але скідваць з рахункаў чэмпіянат Беларусі таксама нельга, дзе мы, зразумела, таксама кожны паядынак гуляем на перамогу. Для мяне больш важна, як каманда выглядае ў ліпені-жніўні. Матчы з "Эвертанам" і "Ювентусам" у двух папярэдніх сезонах — там дрэннай канцоўкі ў нас не было, хоць і там нельга сказаць, што мы былі ў суперформе.

— Зноў БАТЭ правёў па беларускіх мерках выдатны сезон, але ўлічваючы клубныя амбіцыі, зразумела, што хацелася большага. Для вас зараз больш важна зрабіць рывок на міжнароднай арэне або ўтрымацца на заваяваных рубяжах?

— Можна сказаць, што ўтрымацца, але пастаянна замацоўваючы тое, што ёсць. Гэта тычыцца і трэніровачнага працэсу, і арганізацыі гульні, і арганізацыйных момантаў. Ёсць пазіцыі, дзе мы можам значна палепшыць працу. Выдатна, што ёсць магчымасць кантактаваць з такімі клубамі, як "Мілан" і "Барселона", дзе можна пераняць шэраг арганізацыйных момантаў, не кажучы пра аналіз іх гульні. Нават з кромкі поля відаць моманты, якія пакідаюць вялікае ўражанне. Я заўсёды падкрэсліваю, што трэба вучыцца.

— Ад нявыхаду ў 1/16 лігі Еўропы адчуваеце шкадаванне ці палёгку?

— Зразумела, што хацелася нам выйсці і правесці матчы, як сёлета з ПСЖ. Але трэба шукаць і нешта станоўчае: гэта магчымасць больш адпачыць і лепш падрыхтавацца да наступнага сезона.

— Раздаюцца галасы, што ў апошні час Ганчарэнка страціў юнацкі задор...

— Цікавая думка. Юнацкі задор — гэта добра, але далей павінен прыходзіць вопыт, новыя перакананні. У мяне ёсць вялізнае жаданне развівацца далей. Я разумею, што стаяць на месцы немагчыма: або ты падымаешся наверх, або падаеш уніз. Напэўна, такія галасы звязаныя з нашымі няўдалымі апошнімі выступленнямі.

— Якім вы бачыце БАТЭ ў наступным сезоне? Якія пазіцыі патрабуюць умацавання? Магчыма, назавяце футбалістаў, якія папоўняць клуб?

— Імёнаў навічкоў пакуль не назаву. Гэтак жа, як пакуль не ідзе размова і пра зыход гульцоў. Калі з'явяцца прапановы, будзем іх разглядаць. Мы вядзём селекцыю, выяўляем слабыя месцы і пастараемся іх умацаваць. Зразумела, калі хтосьці з футбалістаў не будзе дацягваць да нашага ўзроўню, прыйдзецца развітвацца.

— А змены ў трэнерскім штабе? Калі Вадзіма Скрыпчанку клічуць у Мінск?

— У трэнерскім штабе пакуль без перамен. Вадзім Скрыпчанка неаднойчы казаў, што хоча паспрабаваць сябе ў самастойнай працы. Гэта яго права. Як і любога футбаліста, які хоча сысці, мы як правіла, не стрымліваем.

— Вам не здаецца, што цішыня і спакой, якія пануюць у БАТЭ, не ідуць на карысць камандзе? Напрыклад, у 2008-м здарыўся канфлікт з Жаўнерчыкам, які нядрэнна ўзрушыў каманду...

— Можна ўзгадаць і леташняе наша развітанне з Алумонай і Стасевічам. Так, ёсць трэнеры, якія знарок правакуюць канфлікты, але я лічу, што ў многіх пытаннях можна дастукацца да каманды. Мы ведаем, што дрэнна правялі канцоўку, але дагэтуль была ўдалая паласа — выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў, чэмпіёнства. Наўмысна канфліктаваць было б няправільна. Магчыма, калісьці і я да гэтага прыду.

— Назавіце тры лепшыя матчы вашай каманды сёлета.

— Са "Штурмам" у Аўстрыі. Ведаеце, неяк на зборы ў Турцыі мне выпадкова трапіўся запіс нашай мінулагодняй гульні з "Капенгагенам" — з задавальненнем паглядзеў, хоць вынік там адмоўны. Дык вось: кантраст хуткасцяў і самааддачы, з якімі мы дзейнічалі са "Штурмам" і ў канцоўцы сезона, проста вялізны. Другім назаву матч з ПСЖ. Нягледзячы на жудаснае надвор'е, якое тады было ў Мінску, мы паказалі нядрэнны футбол. Трэці матч — паядынак з мінскім "Дынама" ў красавіку, калі мы стваралі адрыў у пачатку сезона.

— Дзе збіраецеся стажыравацца ў міжсезонне?

— Ёсць варыянты. Але пакуль не буду іх раскрываць. Зраблю намёк, што мне цікавыя тыя клубы, з якімі нядаўна сустракаліся, — "Мілан" і "Барселона".

— Якое адчуванне засталося ад выступлення ў Лізе чэмпіёнаў?

— Недасказанасць. Я казаў камандзе, што нам неабходна перамагчы ў групавой стадыі хоць раз. Дванаццаць сустрэч без перамог — гэта складана перажыць.

— Чаму сярод лепшых матчаў не назвалі нічыю з "Міланам"?

— Назваў першыя матчы, якія прыйшлі на розум. Тая гульня была добрай па якасці. Але, магчыма, саслужыла нам не вельмі добрую службу. Калі б там саступілі, магчыма, былі б больш агрэсіўнымі з "Вікторыяй".

— У сувязі з вашымі пастаяннымі выступленнямі на еўраарэне ад беларускіх калег адчуваеце больш радасці ці зайздрасці?

— Адносіны як былі роўнымі, такімі і застаюцца. Тыя ж Саша Сяднёў, Валодзя Журавель, Ігар Кавалевіч як віншавалі раней, так і працягваюць. Для мяне загадка, чаму мае калегі з ніжэйшых ліг не звяртаюцца да нас, скажам, для стажыроўкі. Мы не перад кім дзверы не зачыняем.

— З Кежманам развіталіся?

— Не. Ён прыйшоў па-руску, а пайшоў па-англійску. Ведаеце, як прыйсці па-руску? Адчыніць дзверы нагой. Так Матэя да нас прыйшоў.

— За каго будзеце хварэць у матчы "Рэал" — "Барселона"? Хто вам бліжэй — Гвардыёла ці Маўрынью?

— Мне бліжэй "Барселона". Тых фраз, якімі мы перакінуліся на ломанай англійскай пасля матча ў Іспаніі хапіла, каб Гвардыёла мне стаў бліжэй.

— Падзяліцеся планамі на адпачынак.

— Едзем з сям'ёй у Карлавы Вары.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Биатлон. Кубок мира. Спринт. Домрачева стартует 20-й, Дуборезова – 22-й, Скардино – 67-й, Калинчик – 74-й, Толкач – 96-й

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика