СПОРТ- ТАЙМ
Мінскае "Дынама" паспяхова правяло хатнюю серыю, якая складалася з трох гульняў. Спачатку "зубры" перайгралі ніжагародскае "Тарпеда" (4:2), у пятніцу перамаглі маскоўскае "Дынама" (2:1), а ў нядзелю — чарапавецкую "Поўначсталь" (3:1). Мінскае "Дынама" працягвае займаць другое месца ў Заходняй канферэнцыі.
У матчы з "Поўначсталлю" "Дынама" прапусціла першым, аднак самым складаным у матчы было не зраўняць лік і выйсці наперад, а ўтрымаць здабытую перавагу ў фінале матча. Уладзімір Дзянісаў лік зраўняў да канца першага перыяду. Затым нашу каманду наперад вывеў Каралахці, а Яраслаў Обшут замацаваў перавагу — 3:1.
— Атрымаўся выдатны вечар, — сказаў Марэк Сікора пасля матча. Каманда выдатна згуляла. Было шмат выдаленняў, гульні ўчатырох, плюс выдаленне Валодзі Дзянісава. Дайшло да таго, што ў канцы трэцяга перыяду Лібару Піўко прыйшлося выйсці ў абароне. Але мы з гэтым справіліся. Вырашальным момантам назаву выдатную гульню ў меншасці падчас пяціхвіліннага выдалення. Магчыма, таму "Поўначсталь" згубіла ўпэўненасць.
Аднак нашы гульцы таксама крыху пахуліганілі. Дысцыплінарным выдаленнем вызначыўся Падградскі:
— Ён пырснуў вадой з "соскі" ў Кошачкіна, які праязджаў міма лаўкі. Неспартыўныя паводзіны. Будзем караць.
Нягледзячы на станоўчыя ацэнкі пасля матча, падчас гульні хакеістам "Дынама" ад трэнера дасталася. Пасля паядынку ў Марэка Сікоры спыталі, чаму ён крычаў на гульцоў:
— У трох матчах (у апошнім — менш) у канцы гульні хакеісты пераставалі катацца, браць на сябе адказнасць, пачыналі адкідвацца. Я казаў ім: "Сябры мае, трэба гуляць нармальна, трымаць шайбу ў іх зоне". Калі проста чакаць заканчэння матча, усё можа скласціся не вельмі добра.
Два гандбольныя клубы — у 1/8 еўракубкаўГандбалісты мінскага "Дынама" заваявалі права выступіць у 1/8 фіналу розыгрышу Кубка ЕГФ, перамогшы па выніках дзвюх сустрэч французскі "Нант". У хатнім паядынку дынамаўцы саступілі з лікам 34:37, аднак, дзякуючы выязной перамозе з розніцай у чатыры мячы (32:28), яны працягваюць выступленні на еўраарэне. А брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова выйшаў у 1/8 фіналу розыгрышу Кубка ўладальнікаў кубкаў, двойчы адолеўшы македонскі "Пелісцер-08".
"Віцебск" саступае месца "Партызану"Чэмпіянат па футболе ў вышэйшай лізе завершаны канчаткова: пераходныя матчы за права гуляць тут у наступным сезоне завершаны. Як вядома, прэтэндавалі на пуцёўку ў найвышэйшы дывізіён "Віцебск" і "Партызан". Стаўкі рабілі пераважна на клуб з абласнога цэнтра, бо становішча мінскага клуба заставалася незайздросным. Яго ўладальнік літоўскі бізнэсмен Уладзімір Раманаў апошнім часам мала цікавіўся сваім футбольным набыткам.
Але "Партызан" на сваім полі ў першай сустрэчы двухматчавага супрацьстаяння адолеў "Віцебск" з лікам 2:0. Сустрэча ў адказ завяршылася на карысць "Віцебска", праўда, з лікам 2:1, і гэтага выніку не хапіла, каб захаваць прапіску ў вышэйшай лізе. Такім чынам, "Партызан" стане трэцяй сталічнай дружынай, якая будзе прадстаўлена ў вышэйшым дывізіёне. А "Віцебск" разам з "Дняпром" прадставіць абласныя цэнтры ў першай лізе.
Домрачава стала 5-й у спрынцеУ шведскім Эстэрсундзе у нядзелю завяршыўся першы этап Кубка свету па біятлоне. Нагадаем, што лідар нашай жаночай зборнай Дар'я Домрачава выйграла тут стартавую індывідуальную гонку на 15 км з чатырма агнявымі рубяжамі. Аднак працягнуць медальнае пачынанне больш не здолела: у спрынце на 7,5 км з двума агнявымі рубяжамі яна стала 5-й, а ў гонцы праследавання на 10 км з чатырма агнявымі рубяжамі яна дапусціла 4 промахі і фінішавала 16-й.
У мужчынскай гонцы пераследавання лепшым з беларусаў стаў Яўген Абраменка, які заняў 37-е месца і атрымаў заліковыя ачкі. Наступны этап Кубка свету пройдзе з 9 па 11 снежня ў аўстрыйскім Хохфільцэне.
Алена АЎЧЫННІКАВА.