Самыя спартыўныя сем'і вобласці – на Смаргоншчыне
У абласным фестывалі спартыўных сем'яў "Тата, мама і Я – спартыўная сям'я" перамагла каманда Смаргонскага раёна.
Фестываль прайшоў 19-20 лістапада ў Гродне. Смаргонскі раён прадстаўлялі сем'і Ушакевічаў, Капцюхоў, Клачкевічаў са Смаргоні і Кобецаў з Асінаўкі.
Каманды Астравецкага і Ашмянскага раёнаў занялі пятае і сёмае месцы адпаведна.
Галоўны сакратар спаборніцтваў Галіна Карчагіна адзначыла, што папулярнасць фестывалю штогод расце: сем гадоў таму ў ім удзельнічалі шэсць-сем каманд, сёлета 14 раёнаў дэлегавалі па тры-чатыры сям'і (усяго іх было 54).
Падчас спаборніцтваў.
У праграме фестывалю былі тры віды: дартс, кідок баскетбольнага мяча і "Спартландыя", якая складалася з комплексных эстафет.
Вызначаючы намінацыі, арганізатары арыентуюцца на ўзрост дзяцей – 8-9 гадоў і 10-11 гадоў. Дзяўчынкі і хлопчыкі спаборнічаюць асобна.
Па выніках трох відаў Ушакевічы занялі другое месца сярод сем'яў з сынамі 8-9 гадоў, Капцюхі – трэцяе сярод сем'яў з дочкамі такога ж узросту. У Клачкевічаў – трэцяе месца сярод сем'яў з сынамі 10-11 гадоў.
Пераможцы і прызёры ўзнагароджаныя дыпломамі, медалямі і прызамі. Усе дзеці на адкрыцці спаборніцтваў атрымалі сувеніры.
Па словах Галіны Карчагінай, Гродзенская вобласць – адзіная, дзе праходзіць падобны абласны фестываль.
Святлана ЦІШКО.
Фота oblsport.grodno.by.