Бернд Штанге: "З чыстым сумленнем можна ехаць дадому"
Нямецкі спецыяліст пакідае галоўную каманду краіны
Больш чым чатырохгадовая "эра" Бернда Штанге ў беларускім футболе завершана. Праз некалькі дзён заканчваецца яго кантракт і работа з галоўнай камандай краіны. Ён прыйшоў на пасаду 4,5 года таму пры сілавіку Нявыгласу, а пакідае, калі федэрацыю ўзначальвае фінансіст Румас. Беларуская зборная са Штанге завяршыла адборачны цыкл да чэмпіянату свету-2010 (тады яна спынілася на 4-м месцы) і цалкам прайшла другі (да чэмпіянату Еўропы-2012 мы кваліфікаваліся на той жа 4-й пазіцыі ў групе). Праца Штанге ўмясціла сенсацыйнае і ганебнае паражэнне ад каманды Люксембурга (у Гомелі, пры сваіх балельшчыках), такую ж сенсацыйную перамогу над зборнай Францыі — 1:0. Ганебным гэты паядынак стаў для французаў, бо сустрэча праходзіла на іх "Стад дэ Франс". Былі яшчэ і "таварнякі" са зборнымі, якіх дадаткова прадстаўляць не трэба. Адна каманда Аргенціны чаго каштуе! Сам Жазэ Маўрынью прысутнічаў на матчы ў Мінску, а газон "Дынама" тапталі футбалісты коштам у дзясяткі мільёнаў еўра кожны... Са Штанге наш футбол падняўся на нябачаныя раней вышыні. 36-ты радок у рэйтынгу ФІФА — так высока раней мы не забіраліся ніколі. Але ўсё гэта ўжо гісторыя.
Учора кіраўніцтва федэрацыі ўрачыста падзякавала нямецкаму спецыялісту і развіталіся з ім. Так, ён не выканаў задачы выхаду на чэмпіянат Еўропы, але Сяргей Румас узгадаў і пра поспехі. А гэта не толькі высокія месцы ў рэйтынгу, але і адносіны да каманды. І сапраўды, Бернд прадэманстраваў усім, у якіх умовах павінна жыць і трэніравацца каманда (пра зборы на састарэлай маральна і фізічна базе ў Стайках было забыта), як кантактаваць з балельшчыкамі і шмат іншага. Пасля цёплых слоў Бернду ўручылі падарунак — карціну з зубрамі. А напрыканцы ён у апошні раз адказаў на пытанні беларускіх журналістаў.
— На жаль, нам не ўдалося выканаць высокую задачу, якую паставіла кіраўніцтва федэрацыі. Гэта была мэта каманды, трэнерскага штаба і кожнага асобнага гульца. Для многіх гэта быў апошні шанц згуляць на топ-турніры. Таму мы ўсе расчараваныя. Але рух наперад быў, нам удалося надаць імпульс маладой федэрацыі. Час быў добры. Мы набылі добрых сяброў, пакінем у памяці гэтую краіну. Сёння я апошні раз правёў аналіз нашай працы перад беларускімі трэнерамі. Мы абмяркоўвалі, што атрымалася, што было дрэнна, што рабіць у будучым. Цяпер з чыстым сумленнем можна ехаць дадому.
— Што было самым складаным у вашай працы ў Беларусі?
— Уся работа. Але самым няпростым — задачы, якія выходзілі за межы маёй працы са зборнай. Але я адчуваў, што гэта трэба рабіць. У вялікіх федэрацыях ёсць людзі, якія гэта робяць, а тут усё было на маіх плячах.
— Наступным трэнерам нашай каманды будзе беларускі спецыяліст...
— У Беларусі ёсць шмат маладых таленавітых трэнераў. Але для зборнай гэтай краіны патрэбны трэнер, які мае агонь у сэрцы і харызму, які будзе верыць, што немагчымае — магчыма. Іспанія і Францыя — гэта амаль немагчымае. Але патрэбны трэнер, які будзе верыць, што іх можна перамагчы.
— Рашэнне не працягваць работу — ваша або кіраўніцтва федэрацыі?
— Федэрацыі. Але больш справядліва сказаць так: дагавор са мной падышоў да канца. 4,5 года — вялікі тэрмін. Колькі трэнераў у Еўропе працавала столькі? Мы хацелі і верылі, што кваліфікуемся на чэмпіянат Еўропы ва Украіну. Мы сенсацыйна добра стартавалі, затым занялі 36-е месца ў рэйтынгу ФІФА. А потым пачаліся катастрафічныя гульні, траўмы. Гульцы перайшлі ў вялікія клубы, дзе сядзелі на лаўках. Былі неабавязковыя жоўтыя і чырвоныя карткі... У выніку мы не змаглі дасягнуць мэты. Мы дысцыплінавана гулялі ў абароне — прапусцілі ўсяго 7 мячоў. Але толькі 8 забілі. Дзе нападаючыя? Лепшы бамбардзір Карніленка забіў усяго 2 мячы, прычым адзін — з пенальці. Мы разлічвалі на Радзівонава, Кутузава, Карніленку. Каму забіваць галы? Гэта наша праблема. Магчыма, трэба было ўзяць гульцоў з чэмпіянату Беларусі, якія маюць пастаянную практыку. Гэта пытанне застаецца адкрытым.
— Якія вашы асноўныя памылкі?
— Вядома, кожны памыляецца. Нам трэба прыняць рашэнне да гульні, а пасля гульні мы бачым памылкі. У кожнай гульні былі рэчы, якія можна было зрабіць лепш. Важна, што мы трымаліся сваёй лініі, а пра памылкі можна спрачацца.
— Пасля працы са зборнай Ірака вы напісалі кнігу. Плануеце яшчэ адну пасля Беларусі?
— Так, гэта была тоўстая кніжка. Тады быў удалы час. Мы кваліфікаваліся на Алімпійскія гульні, занялі 4-е месца. Але адной кнігі з мяне хопіць. Калі б дасягнулі поспеху, тады б напісаў.
— Якія вашы планы зараз?
— Пакуль вярнуся дадому, адпачну. А ў наступным годзе буду працаваць. Так што дзе-небудзь у гэтым свеце мы сустрэнемся.
— Ваш пераемнік, магчыма, будзе сумяшчаць пасады трэнера алімпійскай і нацыянальнай зборных...
— Гэта так будзе? Мне пра гэта не паведамлялі...Важна, што абедзве каманды гуляюць у адны і тыя ж дні, якія вызначаны ФІФА. Не ведаю, як гэта магчыма.
— Самае непрыемнае пытанне, якое вам задавалі за 4,5 года?
— Непрыемным было паражэнне ад Люксембурга. Я адчуваў, што мы прынізілі годнасць беларусаў.Тады мы сярпом прайшліся па камандзе, цалкам яе перакроілі. Шмат непрыемных пытанняў мне тады задавалі.
— Чаму на прэс-канферэнцыях вы так і не перайшлі на рускую мову?
— Я нармальна размаўляю па-руску у краме, на вуліцы, з сябрамі. Я чытаю газеты, гляджу тэлевізар. Але з журналістамі лепш размаўляць праз перакладчыка, бо адно недакладнае слова — і ўсё.
— Якія звычкі пасля жыцця ў Беларусі застануцца ў вас назаўсёды? Ежа, кіно, кнігі — што вас займала тут?
— Я імкнуўся пазнаёміцца з максімальна вялікай колькасцю беларускіх гарадоў. Калі мы гулялі ў Віцебску, я імкнуўся прыязджаць з раніцы, каб убачыць музей Шагала. У Брэсце — Брэсцкую крэпасць, і так паўсюль. Я імкнуўся зразумець вашу ментальнасць праз гісторыю. Кнігі я не чытаў — пакуль гэта для мяне цяжка. Але я імкнуўся пазнаёміцца з чужой для мяне краінай. Мяне натхніла ваша прырода, я часта ездзіў парыбачыць у Вілейку. Тут у мяне засталося шмат сяброў. У прыватнасці санаторый для чарнобыльскіх дзяцей "Надзея", якому мы дапамагалі. Я пакідаю Беларусь з прыемнымі ўражаннямі.
— Падчас жыцця тут не сутыкаліся з непрыязным стаўленнем?
— Я апасаўся гэтага, калі падпісваў дагавор. Але ўсе афіцыйныя асобы запэўнівалі, што гэтага не будзе. І сапраўды: не было ніводнага выпадку. На Украіне, калі мы гулялі са зборнай у Львове, быў адзін выпадак, калі балельшчыкі крычалі нешта пра Гітлера. А тут ні разу.
— Увесь час вы жылі ў адной і той жа кватэры? Як складваліся стасункі з суседзямі?
— Так, кватэры я не мяняў. А вось з суседзямі кантактаваў мала, што мяне здзівіла. Для майго менталітэту нармальна раніцай, зайшоўшы ў ліфт, сказаць: "Добрай раніцы! Як справы?" На мяне ў лепшым выпадку глядзелі як на вар'ята. Або адварочваліся і забіваліся ў куток ліфта.
— Якія парады дасце нашай камандзе на наступны цыкл?
— Тут цяжка нешта раіць. Іспанія — чэмпіён свету і Еўропы. Францыя вярнула сваю ранейшую моц. Улічваць трэба і Фінляндыю, і Грузію. Проста трэба дакладна вызначыць шлях і ісці па ім. А калі адчуваецца, што той, хто вядзе, і сам не ведае, куды ён кіруецца, за ім ніхто не пойдзе. Я імкнуўся свой шлях вызначыць дакладна і зразумела. Імкнуўся запрашаць вядомых людзей, як, скажам, Гус Хідынк, якія маглі сказаць нашым трэнерам, што гэта еўрапейскі шлях, якім трэба ісці. Сёе-тое атрымалася: зборная U-21 двойчы кваліфікавалася на чэмпіянат Еўропы, БАТЭ выступае на нармальным клубным узроўні. Гэта нядрэнная база, і трэба развівацца далей.
Алена АЎЧЫННІКАВА.