"Дынама" другі сезон засталося без медалёў
Самы актыўны гулец на трансферным рынку гэтага міжсезоння, каманда з амбіцыямі і грашыма, сталічнае "Дынама" Юрыя Чыжа другі сезон засталося без медалёў.
32-гі тур, які прайшоў у выхадныя, канчаткова расставіў удзельнікаў чэмпіянату Беларусі на п'едэстале, а таксама за межамі вышэйшай лігі. Сапраўдная інтрыга абяцала сталічным дынамаўцам "бронзу", а разам з ёй і выхад налета ў еўракубкі. Матч з "Гомелем", які павінен быў расставіць кропкі над "і" ("Гомель" меў на два ачкі больш за "Дынама") паказаў, што каманда Алега Кубарава больш заслугоўвае медалёў — 2:1. Вось вынікі іншых матчаў у туры: "Мінск" — "Дынама" (Брэст) — 1:1; БАТЭ — "Днепр" — 1:2; "Віцебск" — "Нёман" — 2:3; "Белшына" — "Шахцёр" — 0:2; "Тарпеда-БелАЗ" — "Нафтан" — 3:1. Перамога над БАТЭ не дапамагла "Дняпру" застацца ў вышэйшым дывізіёне — наступны сезон каманда з абласнога цэнтра правядзе ў першай лізе.
Тым часам
Фанаты, якія ўчынілі масавую бойку ў метро, пакараны арыштам да 15 сутакДынамаўскія балельшчыкі, якія заўсёды вызначаліся нестандартнымі паводзінамі, на гэты раз праявілі сябе адразу ў двух інцыдэнтах. Да вырашальнага матча з "Гомелем", які праходзіў у абласным цэнтры, абласная міліцыя рыхтавалася асабліва. Фанаты праходзілі тры кардоны, каб трапіць на сектар. Аднак гэта не дапамагло: петарды і фаеры пранесці нейкім чынам усё ж удалося. Падчас матча ўвесь час заўзятары нешта падпальвалі на сектары, шэсць-сем фаераў фанаты выкінулі на поле, з-за чаго на некалькі хвілін спынілі футбольны матч. Але ніякіх мер у дачыненні да парушальнікаў не прымянялася.
А вось у Мінску, куды ў госці да аднайменнага клуба завіталі заўзятары брэсцкага "Дынама", на станцыі "Купалаўская" адбылася масавая бойка. Падчас яе фанаты ўзарвалі петарды. Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, было затрымана 9 удзельнікаў канфлікту. Траіх непаўналетніх міліцыя адпусціла дадому. Яшчэ шасцёра атрымалі пакаранне суда — арышт на тэрмін ад 5 да 15 сутак.
Алена АЎЧЫННІКАВА.