Вікторыя Азаранка — у паўфінале чэмпіянату свету WTA
Вікторыя Азаранка, якая выступае на чэмпіянаце свету WTA, пасля другога гульнявога дня нечакана заняла першае месца ў Белай групе і датэрмінова выйшла ў паўфінал. У матчы з адной са сваіх самых нязручных сёлета суперніц, кітаянкай На Лі, беларуска прадэманстравала такі агрэсіўны тэніс, што суперніца так і не змагла прыйсці ў сябе да канца матча — 6:2, 6:2. З такім жа лікам Вікторыя днём раней абыграла аўстралійку Саманту Стосур. Усё гаворыць пра тое, што Віка добра падрыхтавалася да спаборніцтваў.
За два матчы беларуская тэнісістка зарабіла ўжо 485 тысяч долараў. У трэці дзень турніру Вікторыя сустрэлася з францужанкай Марыён Барталі, якая замяніла ў Белай групе расіянку Марыю Шарапаву. Нагадаем, што Азаранка ўжо трэці раз удзельнічае ў чэмпіянаце свету WTA, аднак у паўфінал выйшла ўпершыню.
Алена КРАВЕЦ.