Румынія лічыць нічыю са зборнай Беларусі ганьбай і трагедыяй
Футбол. ЧЕ 2012. Кваліфікацыя
Канчаткова разняволіўшыся адсутнасцю адказнасці за вынік, беларуская зборная па футболе ўнічыю згуляла з камандай Румыніі — 2:2. Два забітыя мячы на выездзе (прычым двойчы нашай камандзе даводзілася адыгрывацца) — такое не часта мы бачым у выкананні нацыянальнай зборнай.
Угадаць склад нацыянальнай каманды, аслабленай, паводле падлікаў Штанге адсутнасцю 11 гульцоў, усё роўна было немагчыма. У выніку з першых хвілін на поле выйшлі Павел Няхайчык і Станіслаў Драгун, Сяргей Кісляк і Сяргей Крывец. Пачатак гульні, як і большая яе частка, прайшлі асцярожна і няспешна. Гол беларусы атрымалі на 19-й хвіліне ад Муту, якраз у той момант, калі Ягору Філіпенку, які траўміраваў спіну, аказвалі за межамі поля дапамогу, а Павел Пласконны на замену выйсці не паспеў. Ніякіх перадумоў, што наша каманда адыграецца ў першым тайме, не было. Гульня была вялай, і мяч у беларусаў не трымаўся. Гол на 45-й хвіліне ў выкананні Сяргея Карніленкі быў нечаканым і для балельшчыкаў, і для футбалістаў абедзвюх каманд.
У выніку ў другім тайме румыны вымушаны былі пачаць усё нанова. Але беларуская каманда выглядала больш жвава. На 51-й хвіліне Адрыян Муту ў штрафной сутыкнуўся з Верхаўцовым, і ў гэтым звычайным гульнявым эпізодзе суддзя ўбачыў пенальці. Па варотах Муту прабіў дакладна — 2:1. Але такая несправядліваць фартуны і арбітра толькі раззлавала нашу каманду, што здараецца з ёй нячаста. Карніленка і Крывец мелі выдатны шанц зраўняць лік, аднак удалося гэта толькі на 82-й хвіліне ў Драгуна пры дапамозе Рудзіка — 2:2.
Румыны, безумоўна, былі расчараваны нічыёй больш, чым мы: у адрозненне ад беларусаў, яны тэарэтычна мелі шанцы заняць другое месца ў групе. Але Боснія і Герцагавіна разграміла Люксембург (5:0) і зняла пытанні, хто будзе кваліфікавацца ў фінал Еўра-2012. Віктар Піцурке пасля матча не ўтойваў расчаравання:
<І>— Гэта несправядлівы вынік. Гэта трагедыя і ганьба, што мы не выйгралі. У двух момантах мы памыліліся, і супернік нас пакараў. Безумоўна, я быў расчараваны, калі даведаўся, які лік у Босніі. Мы павінны былі знайсці ў сабе сілы і працягваць верыць, гуляць у поўную сілу. Але, на жаль, нават перамога нам не дасталася.
У Бернда Штанге іншая нагода для смутку: гэта яго апошні афіцыйны матч на чале беларускай зборнай. Але спадар Штанге — аптыміст, нягледзячы ні на што:
— Чатыры з паловай гады — гэта вялікі тэрмін для трэнера. Я мяркую, што мы дасягнулі фантастычнага прагрэсу. Я пакідаю пасаду з чыстым сумленнем. У Беларусі добрая каманда, і я магу сказаць, што ганаруся тым, чаго мы дасягнулі.
Але больш глабальныя вынікі сваёй працы галоўны трэнер зборнай абяцаў падвесці ў лістападзе, трэба меркаваць, перад урачыстымі провадамі, якія яму, у сваю чаргу, абяцаў наладзіць кіраўнік федэрацыі Сяргей Румас.
Тым часам
Моладзевая зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Юрыя Шуканава выйграла паядынак адборачнага цыкла супраць равеснікаў з Кіпра — 3:1 (Хрыстафедзес, 26, у свае вароты, Патоцкі, 41, Хлебасолаў, 88 — Міцідзіс, 15). Становішча каманд у групе: Германія — 12 ачкоў (4 гульні, розніца мячоў 15-1), Беларусь — 7 (4, 7-5), Грэцыя — 6 (3, 6-3), Боснія і Герцагавіна — 4 (3, 4-4), Кіпр — 3 (4, 8-9), Сан-Марына — 0 (4, 0-18). Учора ўвечары наша каманда правяла яшчэ адзін матч супраць "маладзёжкі" Грэцыі.
Алена АЎЧЫННІКАВА.