Мішэль Плаціні: "Беларусь абыграла французаў, калі ў вас не было Цэнтра, а што ж будзе, калі ён у вас з'явіцца?"
Фота БЕЛТА. У чарговы раз прэзідэнт саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый Мішэль Плаціні наведаў Беларусь. Нагодай на гэты раз стала святкаванне 100-годдзя беларускага футбола і у межах гэтай значнай падзеі — закладка падмурка Цэнтра падрыхтоўкі нацыянальных каманд.
Цэнтр з'явіцца ў раёне футбольнага манежа побач з праспектам Пераможцаў гады праз тры і будзе ўяўляць тры штучныя палі з падагрэвам, а таксама так званы тэхнічны комплекс, у які будзе ўваходзіць гасцініца, саўны, басейн і трэнажорныя залы, кавярня і нават зімовы сад. І калі зараз зборная па футболе жыве звычайна ў гасцініцы "Вікторыя", а трэніруецца на палях за футбольным манежам, то ў будучым зборы будуць праходзіць кампактна, у выключна футбольным асяродку і без лішняй мітусні.
Будаўніцтва цэнтра пачало свой адлік з таго моманту, калі Мішэль Плаціні разам з кіраўніком беларускай федэрацыі футбола, віцэ-прэм'ерам краіны Сяргеем Румасам заклалі капсулу з пасланнем нашчадкам і надзейна яе зацэментавалі. Сяргей Румас адводзіць на будаўніцтва тры — тры з паловай гады і прызнаецца, што частку сродкаў мы атрымаем ад ФІФА і УЕФА. Мішэль Плаціні, дыпламат і жартаўнік, тым часам заявіў:
— Беларусь абыграла французаў, калі ў вас не было Цэнтра, а што ж будзе, калі ён у вас з'явіцца?
Моц наша, спадар Мішэль, у пераадоленні цяжкасцяў, а калі іх няма, то не так і цікава. Журналісты вырашылі спытаць у кіраўніка еўрапейскага футбола якраз пра набалелае: у прыватнасці, як ставіцца нам да пройгрышу нашага БАТЭ "Барселоне"? Ды і ўвогуле наколькі справядлівы цяперашні прынцып адбору ў Лігу чэмпіёнаў? Ці месца там БАТЭ? На ўсе такія непатрыятычныя пытанні нашых журналістаў Плаціні адказаў коратка:
— Я бачыў гульні, дзе "Барселона" выйгравала з лікам 8:0. Так што цяперашні прынцып адбору мне падабаецца. У Лігу чэмпіёнаў трапляюць чэмпіёны сваіх краін. Я — за чэмпіёнаў. Гэтым я падтрымліваю такія краіны, як Беларусь.
Фота Пятра Фаміна. І мы — за чэмпіёнаў, і за Лігу чэмпіёнаў у Мінску. Але зноў пра набалелае: журналісты спыталі, як ставіцца да выступлення нашай зборнай у адборачным цыкле да Еўра-2012. Некалькі дзён таму на прэс-канферэнцыі Бернд Штанге папярэджваў, што Плаціні пасмяецца з таго, што мы не здолелі прайсці ў плэй-оф, і падкрэсліваў, што на шчасце, падчас візіту Плаціні будзе заняты з камандай падрыхтоўкай да Румыніі. Маўляў, сорам такі і абмяркоўваць няма чаго. Але лепшы футбаліст XX стагоддзя толькі дыпламатычна заўважыў:
— Трэба перамагаць не толькі Францыю, але і іншыя каманды.
Мішэль Плаціні раздаваў аўтографы дзецям, якія непадалёк ад месца закладкі капсулы праводзілі міні-турнір, і прызнаваўся, што бываць у Беларусі яму падабаецца:
— Я быў тут шмат разоў, і ведаю, што ў гэтай краіне робіцца для футбола. Хачу сказаць вам і прадстаўнікам усіх нацыянальных асацыяцый: вы не адзінокія, ФІФА і УЕФА заўсёды будуць з вамі. Футбол — гэта бясконцая гісторыя. Калі члены выканкама УЕФА перастануць імі быць, мы зможам сабой ганарыцца, бо пакінем вялікую спадчыну — шмат палёў.
І сапраўды, апошні раз легенда еўрапейскага футбола наведваў Беларусь якраз год таму: у кастрычніку 2010-га ён старшынстваваў на пасяджэнні выканкама УЕФА, якое праходзіла ў Мінску. Відавочна, што гэта не апошні праект, які рэалізуецца ў нас пры падтрымцы кіраўніцтва еўрапейскага футбола. Магчымыя планы абмяркоўваліся на сустрэчы Сяргея Румаса з Мішэлем Плаціні, якая папярэднічала ўрачыстай цырымоніі, а таксама не выключана, што і падчас вялікага банкета, арганізаванага ўвечары ў гарналыжным комплексе "Лагойск", куды былі запрошаны каля 200 гасцей. Культурную праграму адкрываў ансамбль народнай песні "Церніца", які яшчэ летась упадабаў высокі французскі госць.
Алена АЎЧЫННІКАВА.