Бернд Штанге: "Румынія — не "Барселона"...
7 кастрычніка наша зборная правядзе апошні адборачны матч сезона
У сёлетнім адборачным цыкле беларускай зборнай засталася ўсяго адна гульня — матч са зборнай Румыніі, які, як вядома, у турнірным становішчы ўжо нічога не вырашае. Галоўныя матчы — супраць зборнай Босніі і Герцагавіны — мы прайгралі, гарантавалі сабе чацвёртае месца ў нашай не самай складанай групе (асабліва калі ўзгадваць, як усё пачыналася — перамогай над зборнай Францыі) і можам у хуткім часе адпраўляцца на канікулы, пакуль больш удачлівыя і моцныя каманды будуць вырашаць, хто стане чэмпіёнам Еўропы-2012
Нам жа самы час гадаць, хто стане наступным галоўным трэнерам нашай каманды і ў наступным адборачным цыкле, дзе нам зусім не пашчасціла з групай (відавочна, што там зборная Іспаніі будзе аспрэчваць лідарства з камандай Францыі), пастараецца заняць больш высокае, трэцяе, месца. Кіраўніцтва федэрацыі дае магчымасць Бернду Штанге адпрацаваць бягучы цыкл: ён выведзе каманду на заключны матч супраць румынаў (7 кастрычніка ў Бухарэсце), на таварыскі матч супраць палякаў (11 кастрычніка ў нямецкім Вісбадэне), на яшчэ два таварыскія паядынкі ў лістападзе. А потым... Што будзе далей, Бернд гаворыць вельмі неахвотна:
— Да канца года я буду працаваць у Беларусі. І сёння пакуль не ведаю, ці ёсць у мяне жаданне працягваць працу тут з нацыянальнай камандай. Усё можа змяніцца ў адзін момант. Зараз у мяне ў галаве паядынкі з Румыніяй і Польшчай, яшчэ два матчы ў лістападзе. А потым будзем глядзець, што далей.
Да фінішу гэтай кваліфікацыі дайшла зусім іншая каманда. У матчы з румынамі з-за траўмаў і картак не зможа ўдзельнічаць 11 футбалістаў, на якіх першапачаткова разлічваў Штанге. Гэта Віталь Радзівонаў, Ян Цігараў, Аляксандр Юрэвіч, Віталь Кутузаў, Аляксандр і Вячаслаў Глеб, Цімафей Калачоў, Ігар Шытаў, Віталь Трубіла, Аляксандр Мартыновіч і Антон Пуціла. Месцы асноўных гульцоў зоймуць рэзервісты. Як яны будуць гуляць, расказаў галоўны трэнер:
— Я не думаю, што новай камандзе трэба казаць пра памылкі з Босніяй. У лічаныя дні з гэтай каманды мы павінны зрабіць моцную адзінку. Мы не будзем казаць пра руку Жаўнерчыка ці памылкі Калачова. Мы павінны запэўніць іх, што яны гатовы атакаваць, а не стаяць у штрафной пляцоўцы і чакаць, што будуць рабіць румыны. Паядынак на выездзе з Босніяй мы прайгралі 0:1 з васьмю палявымі гульцамі — не такі і дрэнны вынік. Таму нам трэба настроіць футбалістаў, а не казаць пра чыесьці памылкі.
І нечакана нямецкі спецыяліст перайшоў на іншую тэму — чаго не хапае нашаму футболу:
— Штогод мы праводзім кангрэсы, запрашаем трэнераў, нам удалося заслужыць павагу нашых калег. Мы стварылі твар нашай каманды, але гэтага не хапіла. У будучым неабходна надаваць футболу больш увагі. У Еўропе толькі дзве краіны, дзе футбол не з'яўляецца гульнёй нумар адзін: Беларусь, дзе №1 — хакей, і Літва, дзе №1 — баскетбол. Нам трэба вывесці футбол хаця б на ўзровень хакея.
Пра "Барселону" і няўдалы матч БАТЭ трэнер гаварыў гэтак жа неахвотна, як і пра свае перспектывы:
— Я не хачу гаварыць пра "Барселону". БАТЭ не гуляў так, як можа. Чаму так атрымалася, не ведаю. Калі 4-5 гульцоў, якія гулялі на "Уэмблі" і супраць Францыі, маюць вялікі міжнародны вопыт, не хапае, тады пачынаецца страх перад супернікам і тое, што мы бачылі. Румынія — не "Барселона", але там таксама ёсць моцныя футбалісты. Муту, напрыклад, вярнуўся. Але мы пастараемся зрабіць усё. У нацыянальнай каманды Румыніі новы стадыён, які быў ацэнены ФІФА ў пяць зорак. Майстрам футбола, спадзяюся, будзе прыемна гуляць у такіх умовах.
Адсутнасць шэрагу ключавых футбалістаў, безумоўна, не ўсяляе аптымізму наконт адметнага выніку ў Румыніі, нагадвае нават сітуацыю ў сакавіку гэтага года, калі перад матчам з Албаніяй выбыла 7 членаў беларускай зборнай. Але Бернд паабяцаў, што у Румыніі будзе лепш, чым у Албаніі:
— Зараз мы больш гульцоў страцілі: там было 7, зараз —11. Замяніць іх — няпростая задача для невялікай краіны. Але хлопцы ў добрай форме. Калі мы гулялі супраць Албаніі, быў пачатак сезона. Сёння футбалісты лепш падрыхтаваныя. Пастараемся згуляць лепш, чым супраць Албаніі, — там увогуле была катастрофа.
Тым часам
Алімпійская зборная Георгія Кандрацьева і моладзевая каманда пад кіраўніцтвам Юрыя Шуканава таксама правядуць у гэтыя дні матчы. Падапечныя Георгія Кандрацьева, якія рыхтуюцца да Алімпійскіх гульняў, выйдуць на поле 10 кастрычніка супраць другой зборнай Расіі, з якой раней сустракалася ў Бранску. Матч пачнецца ў 15.30 на сталічным стадыёне "Трактар".
А каманда Юрыя Шуканава правядзе чарговыя матчы адборачнага цыкла. 7 кастрычніка ў Ларнацы "маладзёжка" сустрэнецца з равеснікамі з Кіпра, а 11 кастрычніка ў Барысаве згуляе матч з грэкамі. Пра падрыхтоўку і задачу ў гэтых паядынках расказаў Юрый Шуканаў:
— У нас наперадзе дзве гульні з супернікамі, якія блізкія па класе, — гэта аблягчае падрыхтоўку. Наша асноўная задача — трапіць у плэй-оф. І каб яе вырашыць, у гэтых двух матчах нам неабходна набіраць 6 ачкоў.
Алена АЎЧЫННІКАВА.
.