Кандрацьеў: Калі прапануюць узначаліць зборную - адмаўляцца не буду

Источник материала:  
21.09.2011 10:51 — Новости Спорта

Кандрацьеў: Калі прапануюць узначаліць зборную - адмаўляцца не буду

Еўрарадыё
Галоўны трэнер алімпійскай зборнай распавёў Еўрарадыё, з кім каманда згуляе перад Алімпіядай і як футбалісты ставяцца да заробкаў па курсе Нацбанку.

Капітан мінскага “Дынама” Станіслаў Драгун кажа, што прэміяльныя за ўдзел “маладзёжкі” ў чэмпіянаце свету выплацілі рублямі, хоць і абяцалі разлічыцца валютай. Еўрарадыё спытала Георгія Кандрацьева, ці ёсць у каманды праблемы з фінансаваннем і як праходзіць падрыхтоўка да Алімпіяды ў Лондане.

— Як футбалісты адрэагавалі на тое, што прэміяльныя за чэмпіянат выплацілі рублямі?

— Нармальна адрэагавалі, ніхто не абураўся. Канешне, атрымалася са стратамі, але што зробіш. Выплацілі паводле Нацбанку.

— Наколькі важныя ў выступленні за зборную прэміяльныя?

— Я думаю, што гэта не галоўнае. Але для таго, каб нейкі стымул мець, гэта дапамагае. Калі гуляеш за краіну, у першую чаргу пра гэта і трэба думаць, а грошы — другаснае.

— Ці абмяркоўвалі з федэрацыяй, якія будуць прэміяльныя, калі алімпійская зборная заваюе медаль?

— Ёсць палажэнне па медалях і прэміяльных самой Алімпіяды. А так, з федэрацыяй пакуль нічога не абмяркоўвалі.

— Проста каб не атрымалася, што хлопцы заробяць добрую суму ў валюце — а ім ізноў выплацяць рублямі.

— Ад нас жа гэта не залежыць.

— Ці ёсць нейкія праблемы з камандзіровачнымі ці ўвогуле ўмовамі для падрыхтоўкі?

— Няма. Федэрацыя забяспечвае нам пражыванне, харчаванне, пералёты. Праблем няма.

— Штанге наведаў гульню БАТЭ ў Празе. А ў вас ёсць магчымасць злятаць куды-небудзь, каб ужывую паглядзець на гульню саперніка?

— Я думаю, калі я папрашу, мяне адправяць. Напрыклад, перад чэмпіянатам Еўропы я адпраўляў Аляксея Вяргеенку, ён лятаў глядзеў сапернікаў. З гэтым праблем няма.

— Апошнім часам усе абмяркоўваюць вашу кандыдатуру на пасаду галоўнага трэнера нацыянальная зборнай. Як ставіцеся да гэтых размоў?

— Нармальна стаўлюся. Размовы заўсёды былі, ёсць і будуць. Калі мне паступіць прапанова ўзначаліць зборную — я не буду адмаўляцца. Я лічу, што гатовы. Я ўжо доўга працую ў федэрацыі. З Курненіным працаваў, і цяпер сам працую ўжо трэці год.

— Як адносіцеся да таго, каб у наступным сезоне замест нацыянальнай зборнай выступала ваша “алімпійская” каманда?

— А куды тых хлопцаў, што не праходзяць у алімпійскую каманду? Я думаю, што ёсць магчымасць выступаць і алімпійскай, і нацыянальнай камандай. Там не так і шмат дат. Мы плануем у траўні выехаць алімпійскай зборнай у Тулон (Францыя), дзе адбудзецца турнір з удзелам 8 алімпійскіх зборных. Нацыянальная каманда — гэта нацыянальная, нельга яе кідаць, яна таксама мусіць гуляць. А турнір у Тулоне будзе вельмі карысны для нас. Туды трэба везці 90 адсоткаў тых, хто паедзе ў Лондан.

— Георгій Пятровіч, ці вызначыліся, якіх траіх футбалістаў, якім больш за 23 гады, запросіце ў каманду?


— Не, яшчэ рана. Будзе залежыць ад таго, як будуць гуляць людзі ў наступным годзе. Хто будзе ў найлепшых кандыцыях — той і паедзе ў Лондан.

— Якія яшчэ этапы падрыхтоўкі ўжо вядомыя, акрамя турніру ў Тулоне?


— Збораў не атрымаецца, бо клубы не адпускаюць гульцоў. У лістападзе абавязкова згуляем з кім-небудзь. Магчыма, у кастрычніку згуляем у Германіі з клубам першай ці другой бундэслігі. Нацыянальная каманда плануе 11 кастрычніка гуляць у Франкфурце таварыскі матч з Польшчай, а мы згуляем з якім-небудзь клубам. Ці, можа, Егіпет прыляціць у Германію, калі атрымаецца. У лістападзе паляцім куды-небудзь у арабскія краіны, там дзве даты — 11-га і 15-га.
←Клубы трех дивизионов национального чемпионата сыграют в 1/8 финала Кубка Беларуси по футболу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика