БАТЭ перарвала бязвыйгрышную серыю, а "Шахцёр" працягвае губляць ачкі
У выхадныя адбыліся матчы 25-га тура чэмпіянату краіны па футболе. БАТЭ, нарэшце, перарваў невясёлую для сваіх прыхільнікаў бязвыйгрышную серыю, якая складала 4 матчы, і працягвае адрыў на дыстанцыі.
У нядзелю чэмпіён краіны сустракаўся з "Нафтанам" — 2:0. Абодва мячы на рахунку Рэнана Брэсана, які, здаецца, нарэшце забыў пра нядаўнія недарэчнасці ў еўракубках і адчувае сябе цалкам упэўнена. А вось нафтанаўцы, у прыватнасці, галоўны трэнер Ігар Кавалевіч, не хаваў прыкрасці пасля пройгрышу:
— Наступіла сітуацыя, калі адны не могуць, а другія не хочуць. Мы гэта выправім. Прыходзіцца перакройваць каманду. Калі людзі падводзяць сваіх таварышаў, у гэтым ёсць і віна трэнера. Не хачу пераходзіць на асобы, гэта вопытныя гульцы. Калі чалавек — ануча, а не мужык, яму не месца ў Наваполацку. Ануч у камандзе не будзе, — паабяцаў Ігар Мікалаевіч.
У адрозненне ад БАТЭ, яго найбліжэйшаму праследвальніку салігорскаму "Шахцёру" выйграць не ўдаецца 5 матчаў запар. Калі так пойдзе і далей, можна і без медалёў застацца, тым больш, што "Гомель" і "Дынама" ачкоў не губляюць і паціху "з'ядаюць" розніцу ў ачках, якая яшчэ нядаўна была даволі істотнай. Такім чынам, "Шахцёр" дома не здолеў перамагчы "Віцебск" — 1:1. "Гомель" мінімальна выйграў у "Тарпеда-БелАЗ" — 1:0, сталічнае "Дынама", прапусціўшы хуткі гол ад "Нёмана", не пала духам і адыгралася — 2:1. Так што ў барацьбе за п'едэстал, пачынаючы з другой прыступкі, вяртаецца інтрыга. "Шахцёр", "Гомель" і "Дынама" (Мінск) — яе асноўныя дзейныя асобы.
А вось у "Дняпра" ўсё зноў як заўсёды: клуб з Магілёва прайграў брэсцкаму "Дынама" — 0:2 і не можа пакінуць апошні турнірны радок. Але чаго можна чакаць ад каманды, дзе гульцы не атрымліваюць зарплату? Цалкам верагодна, што клуб за запазычанасць перад футбалістамі пазбавіцца 1 ачка.
У яшчэ адным матчы "Мінск" саступіў "Белшыне" — 0:1.
Становішча каманд пасля 25 тураў:1. БАТЭ — 53 2. "Шахцёр" — 42 3. "Гомель" — 39 4. "Дынама" Мн — 38 5. "Белшына" — 34 6. "Тарпеда-БелАЗ" — 32 7. "Нафтан" — 30 8. "Мінск" — 29 9. "Дынама" Бр — 29 10. Віцебск" — 27 11. "Нёман" — 24 12. "Днепр" — 21
Матчы 26-га тура пройдуць 23 і 25 верасня.
Алена АЎЧЫННІКАВА.