Шанцы на Еўра-2012 страчаны...

Источник материала:  

Усялякія надзеі трапіць на Еўра-2012 для беларускай зборнай былі страчаны ў аўторак увечары. Падапечныя Бернда Штанге пазбавіліся ўсіх шанцаў, прайграўшы і другі матч зборнай Босніі і Герцагавіны.

За што суддзя выдаліў Цімафея Калачова, яшчэ доўга можна будзе абмяркоўваць спецыялістам і балельшчыкам, але для большасці з нас відавочна, што другая жоўтая картка нашаму паўабронцу была надуманай. З 34-й хвіліны беларуская зборная засталася ў меншасці. Але гэта не надта дапамагло баснійцам: небяспечных момантаў у матчы — кот наплакаў. Матч так і скончыўся б унічыю, калі б не арбітр Марцін Аткінсан. Мы марылі, што ў перапынку ён перагледзіць эпізод з Калачовым, як і свае да яго адносіны, і, магчыма, нават пастараецца кампенсаваць нашай зборнай несправядлівую адсутнасць ключавога гульца. Але ўдосталь нараздаваўшы "гарчычнікаў" (беларусам іх было прад'яўлена 7), Аткінсан на 85-й хвіліне зноў дастаў чырвоную картку — для Аляксандра Мартыновіча. Застаўшыся ўдзевяцярых, наша зборная прапусціла мяч. 0:1 — такі сумны канец выезду ў Боснію, і 0:3 — такі сумарны вынік двухматчавага беларуска-баснійскага супрацьстаяння.

Відавочна, што з такой гульнёй нашай зборнай на Еўра-2012 мы выглядалі б зусім не фаварытамі, але і баснійцам з такім футболам там няма чаго рабіць. Розніца толькі ў тым, што мы туды не едзем, а баснійцы — хутчэй за ўсё так. Крыўдна, што ў хатнім матчы ўсё вырашыў эпізод з выпадковым пенальці, а на выездзе судзейства ўвогуле не хочацца ўзгадваць.

Пасля матча Бернд Штанге даў зразумець, што ў адстаўку не збіраецца, і пахваліў каманду:

— Мы паказалі якасную гульню. У мяне няма прэтэнзій да футбалістаў. Нават да Калачова, хоць дзеянні арбітра каментаваць не буду. Пачатак быў з нашага боку нядрэнны, хоць і крыху нервовы. Але ў такім балельшчыцкім катле валодаць сабой складана. На жаль, у нас няма якаснай лаўкі запасных, таму пры дапамозе замен праблемна ўзмацніць гульню. Гэтым тлумачыцца такі позні выхад на поле свежых футбалістаў. Якія мае далейшыя планы? Гэта правакацыйнае пытанне. І нясвоечасовае, заявіў ён пасля матча.

Вынікі астатніх матчаў дня: Люксембург выйграў у Албаніі 2:1, Францыя і Румынія згулялі ўнічыю 0:0.

Становішча ў групе:

1. Францыя — 17 ачкоў (пасля 8 матчаў)

2. Боснія і Герцагавіна — 16 (8)

3. Румынія — 12 (8)

4. Беларусь — 12 (9)

5. Албанія — 8 (8)

6. Люксембург — 4 (9).

Моладзевая зборная Беларусі ў аўторак праводзіла адборачны матч супраць футбалістаў "маладзёжкі" Германіі. Падапечныя Юрыя Шуканава таксама саступілі з лікам 0:1.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 

←Хоккей. Кари Хейккиля: ехал целенаправленно на старт "Динамо" в КХЛ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика