Бернд Штанге: "Гэта — наша "паляна"
Ад сённяшняга матча зборнай залежыць, ці ўбачым мы беларусаў на Еўра-2012
Сёння ўвечары адбудзецца той лёсавызначальны матч, ад якога залежыць, ці паедуць нашы футбалісты на фінальную частку Еўра-2012. А палове дзявятай беларусы гуляюць супраць баснійцаў. Матч пройдзе на стадыёне "Дынама". Напярэдадні Бернд Штанге расказаў, як адчувае сябе наша зборная.
— У пачатку любога шляху ляжыць мара. Наша мара — трапіць на чэмпіянат Еўропы. Таму мы павінны выйграць хатні матч супраць баснійцаў. Перамога неабходная, каб дасягнуць нашай мэты. Нас не бянтэжыць самаўпэўненасць баснійскай каманды. Калі Джэка кажа, што яны лепшыя, то ён мае на гэта права.
Бернд Штанге паведаміў, што ўсе 19 гульцоў здаровыя і знаходзяцца ў выдатнай фізічнай форме. Ніякія іншыя абставіны трэнерскі штаб не турбуюць:
— У камандзе добры спакойны настрой. Занепакоенасці няма. Мы падрыхтаваныя тактычна і павінны на 100 адсоткаў выкладвацца на полі.
Газон стадыёна "Дынама" таксама не выклікаў асаблівых нараканняў галоўнага трэнера, сапсаваць футбольнае свята можа хіба што надвор'е:
— Калі падчас матча пойдзе дождж, будзе не вельмі добра: глеба на стадыёне мяккая, а дрэнаж і падложка — не надта. Але абедзве каманды будуць у роўных умовах.
А што ж Боснія? Пакуль гульцы гэтай каманды практыкуюцца ў гучных заявах перад журналістамі, Бернд Штанге вывучыў іх футбольныя якасці:
— У зборнай Босніі ёсць выдатныя індывідуалісты. Джэка — адзін з найлепшых гульцоў Еўропы. Гэта — "чыстая якасць". Зараз ён забіў 6 галоў за 3 гульні. Яго трансферны кошт — 40 мільёнаў еўра. Яшчэ адзін талент — малады гулец П'яніч. А Саліхавіч — гэта спецыяліст па стандартах. У нас няма гульцоў за 40 мільёнаў еўра, таму мы павінны выступіць як стабільная і з'яднаная каманда.
Зразумела, што паядынак з Босніяй не пакажацца нам лёгкай прагулкай, але выйграваць пажадана дома. Бо ў сябе дома зборная Босніі і Герцагавіны — гэта зусім іншая каманда.
— Дома баснійцы гуляюць у гарах, пры асаблівай падтрымцы сваіх балельшчыкаў, і ніколі там не прайграюць. Але спачатку мы рыхтуемся да сваёй хатняй гульні. Гэта будзе наша "паляна", наш стадыён, дзе мы павінны паказаць, хто гаспадар, — запэўніў галоўны трэнер.
Бернд Штанге паведаміў, што на поле супраць баснійцаў выйдзе прыкладна той склад, які гуляў у таварыскім матчы супраць балгар, а да гэтага ў паядынках супраць Францыі і Люксембурга. Сяргей Карніленка, які заменіць траўмаванага Віталя Радзівонава, у выдатным настроі, бо знайшоў свой клуб — нападаючы перайшоў у "Крылы Саветаў". Выдатны настрой павінен быць і ў Ігара Шытава, які перайшоў у маскоўскае "Дынама", тым больш што гэты пераход Бернд Штанге ўхваліў:
— І Шытаву, і Няхайчыку я сказаў, што гэта другі паверх. Расійская прэм'ер-ліга непараўнальная з нашым чэмпіянатам. У іх пачынаецца наступны этап развіцця. Але для нашага футбола гэта не вельмі добра. А вось пераход братоў-Глебаў у бундэслігу трэнер пракаментаваў лаканічна: "Пачакаем — пабачым".
Баснійцы зрабілі некалькі гучных заяў перад матчам, у прыватнасці, Звездан Місмавіч лічыць, што ў Босніі лепшы падбор гульцоў. Як да гэтага выказвання ставіцца, Бернд Штанге падказаў:
— Выразаць і павесіць у раздзявальні.
Нагадаем, што пакуль беларусы займаюць другое месца ў групе. Мы маем 12 ачкоў, на адно адстаючы ад Францыі, і на 2 апярэджваем Боснію. Праўда, у нас на адзін згуляны паядынак больш.