У госці да БАТЭ прыедуць "Барселона" і "Мілан"
Да вынікаў лёсавання у групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў можна ставіцца па-рознаму. "Барселона", "Мілан" і чэшская "Вікторыя" — гэта, зразумела, "група смерці". А з іншага боку, пра такіх грандаў можна толькі марыць! Яшчэ свежыя ў памяці ўспаміны пра восень 2008-га, калі ў Мінск прыязджалі "Рэал", "Ювентус" і "Зеніт". Гэта і вар'яцкія чэргі па білеты, якія займалі з 6 раніцы, і ні з чым не параўнальны антураж перад матчам, і экстаз перапоўненага стадыёна, калі каманда забівае гол. Мы памятаем, якімі акрыленымі былі нашы мары, калі БАТЭ вяло 2:0 пасля першага тайма з "Ювентусам", і слёзы расчаравання ад нічыёй... І ўсё гэта нам сёлета давядзецца перажыць зноў...
Ужо праз месяц, 28 верасня мы ўбачым "Барселону". Яна першай завітае ў госці да БАТЭ. Месі, Ін'еста, Вілья, Фабрэгас, Хасэп Гвардыёла, нарэшце, — можна не сумнявацца ў аншлагу на стадыёне "Дынама" і прыкідваць, наколькі спадабаецца гэтым спешчаным іспанцам наша суровае надвор'е і газон... Увогуле ж, згуляць супраць дзейнага ўладальніка кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў марыць бадай любая каманда. 4 разы клуб з Каталоніі станавіўся наймацнейшым у Еўропе, апошнія разы гэта было ў 2006-м, 2009-м, і 2011-м.
Яшчэ адзін гранд — чэмпіён Італіі "Мілан", які сем разоў выйграваў Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў. Гатуза, Індзагі, Замброта... Ім таксама наўрад ці спадабаецца наша надвор'е — "Мілан" прыязджае ў "Мінск" 1 лістапада, але гарачы прыём на стадыёне "Дынама" таксама гарантаваны.
А ў якасці размінкі будзе чэшская "Вікторыя". Клуб не такі вядомы, але ўвагі і павагі, несумненна, варты. Чэхі прыедуць у Беларусь на старце турніру, ужо 13 верасня.
Віктар Ганчарэнка: "Паспрабуем зрабіць тое, што не ўдаецца "Рэалу" і "МЮ"
Галоўны трэнер БАТЭ, які напярэдадні дзяліўся, што хацеў бы атрымаць у супернікі прадстаўніка прэм'ер-лігі "Манчэстар", "Барселонай" не расчараваны:
— Не раз казаў, што хацеў бы сустрэцца менавіта з "МЮ", паколькі люблю гэту каманду. Але незадавальнення ад лёсавання, зразумела, няма. "Барселона" гуляе ў эталонны футбол, з'яўляецца паўнамоцным уладальнікам трафея. "Мілану" таксама рэкамендацыі не патрэбны. Падспудна пачынаеш думаць, як супрацьстаяць грандам еўрапейскага футбола, колькі ачкоў можаш набраць у групе... Але скажу так, што на стадыёне "Дынама" мы здольныя аказаць сур'ёзны ціск на любога суперніка. Да таго ж у камандзе зараз іншая мэта — мы яшчэ не атрымлівалі перамог у групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Перад тым, як у нашай групе аказалася чэшская "Вікторыя", хацелася згуляць з дортмундскай "Барусіяй". Там, як і ў Барселоне з Міланам, вялізны стадыён, заўсёды запоўнены пад завязку. Гуляць пры аўдыторыі ў 70 тысяч чалавек — гэта вялізны вопыт. Безумоўна, галоўным у маёй трэнерскай кар'еры будзе матч з "Барселонай". Многія трэнеры імкнуцца раскусіць гэты клуб, але толькі лічаныя могуць ёй штосьці супрацьпаставіць. Хуткасць прыняцця рашэнняў, работа з мячом, выкананне — гэта прысутнічае ў дружыне з Каталоніі проста на касмічным узроўні. Для каманды, для нас, трэнераў, гэта будзе бясцэнны вопыт. Паспрабуем зрабіць тое, што не ўдаецца нават "Рэалу" і "Манчэстэру".
Алена АЎЧЫННІКАВА.
Расклад матчаў у групе H:
1-шы тур 13 верасня (аўторак). "Вікторыя" — БАТЭ, "Барселона" — "Мілан".
2-гі тур 28 верасня (серада). БАТЭ — "Барселона", "Мілан" — "Вікторыя".
3-ці тур 19 кастрычніка (серада). "Мілан" — БАТЭ, "Барселона" — "Вікторыя".
4-ты тур 1 лістапада (аўторак). БАТЭ — "Мілан", "Вікторыя" — "Барселона".
5-ты тур 23 лістапада (серада). БАТЭ — "Вікторыя", "Мілан" — "Барселона".
6-ты тур 6 снежня (аўторак). "Барселона" — БАТЭ, "Вікторыя" — "Мілан".