БАТЭ: штурм "Штурма" адкладзены
Пасля лёсавання, калі БАТЭ ў раўндзе плэй-оф трапіўся адзін з самых простых, на погляд балельшчыкаў і спецыялістаў, супернік, мы чакалі толькі перамог. Ну хаця б дома. Але ўвечары ў аўторак барысаўчанам не ўдалося зрабіць такі задзел, які б не пакідаў пытанняў на матч праз тыдзень у Аўстрыі. БАТЭ — "Штурм" — 1:1.
Памылка барысаўскіх абаронцаў прывяла да гола на 12-й хвіліне ў вароты Гутара. Аўстрыйцы пачалі ўмацоўваць абарону. Барысаўчане нейкі час прыходзілі ў сябе, але ў той жа час увесь першы тайм асцярожнічалі. Яно і зразумела: адразу некалі ключавых гульцоў не выйшла на поле ў гэтым матчы: Рэнан Брэсан адбывае дыскваліфікацыю, траўмаваны Ігар Шытаў, Дзмітрый Ліхтаровіч і Аляксандр Паўлаў, а Віталь Радзівонаў не набраў патрэбных кандыцый. Карацей, перакроенай аказалася ўся каманда. І трэба аддаць Віктару Ганчарэнку і яго падапечным належнае: у другім тайме была зусім іншая гульня. БАТЭ ўзяло ініцыятыву ў свае рукі, і атакі сталі атрымлівацца куды лепш. На 59-й хвіліне, пасля ўдару Багі са штрафнога, сербскі легіянер Сіміч галавой накіраваў мяч у сетку — 1:1. Напрыканцы матча БАТЭ меў усе шанцы перамагчы, чаго толькі варты промах Гардзейчука...
— У сучасным футболе памылкі дорага каштуюць. Футбол, у прынцыпе, з іх і складаецца. Выйграе той, хто менш памыляецца. Пасля прапушчанага гола наша задача ўскладнілася, але я задаволены тым, як мы на гэта адрэагавалі, гэта тычыцца ў большай ступені другога тайма. У першым прыходзілі ў сябе, — сказаў пасля матча Віктар Ганчарэнка, які не стаў апраўдваць гульню каманды адсутнасцю асноўных гульцоў. У той жа час трэнер узгадаў недахоп Брэсана і Паўлава, наракаў на нялепшыя кандыцыі Няхайчыка і Радзівонава:
— Хацелася б, каб мы больш разнастайна дзейнічалі наперадзе. Для гэтага нам не хапала Паўлава і Брэсана. Што да апошняга, то не ведаю, як на нашу просьбу адрэагуе УЕФА, але за дзве жоўтыя карткі даць дзве гульні дыскваліфікацыі гульцу, які ўпершыню выдалены, крыху сурова. Няхайчык? У яго шмат падзей у апошні час: чэмпіянат Еўропы, нацыянальная зборная, еўракубкі, чэмпіянат Беларусі. Калі ён усвядоміць, што, акрамя ўсяго гэтага, ёсць яшчэ і футбол, ён палепшыць сваю гульню.
Кадравымі перспектывамі ў матчы ў адказ, які пройдзе праз тыдзень, Віктар Ганчарэнка не парадаваў:
— Шытаў, хутчэй за ўсё, з'явіцца, з Брэсанам сітуацыя вядомая. Астатнія ў матчы ў адказ не згуляюць. Але я веру ў каманду, нічога іншага не застаецца.
Алена АЎЧЫННІКАВА.