Наша сіла — вера ў сябе
У сераду нацыянальная футбольная зборная правядзе таварыскі матч з камандай Балгарыі. Гэта будзе апошні падрыхтоўчы паядынак перад самымі адказнымі гульнямі восені, якія дадуць адказ: паедуць беларусы на Еўра-2012, ці лепшых часоў яшчэ давядзецца пачакаць...
Як вядома, нядаўна ў Бразіліі адбылася жараб'ёўка чэмпіянату свету 2014 года. Усе лічаць, што для нашай зборнай яна склалася не вельмі ўдала. Мяркуйце самі: у кампаніі з намі будуць гуляць такія дружыны, як Францыя і Іспанія. Нельга забываць і пра Грузію з Фінляндыяй (гэта — зусім не Люксембург). Сваімі думкамі наконт шанцаў беларусаў падзяліліся вядомыя беларускія футбалісты.
Дзмітрый Молаш (паўабаронца, "Крылы Саветаў", Расія):
— Нам дасталіся сур'ёзныя супернікі. Гэта і пераможца мінулага чэмпіянату Еўропы — Іспанія, і магутная Францыя. Нельга забываць і Фінляндыю з Грузіяй. Яны таксама моцныя. Шанцы прайсці, вядома, ёсць. Да 2014 года яшчэ шмат чаго можа змяніцца...
Мікіта Букаткін (паўбаронца, "Нафтан"):
— Гэта самая цяжкая група, калі параўноваць з усімі мінулымі жараб'ёўкамі. Хацелася б атрымаць больш лёгкіх супернікаў, але... Пра Іспанію і Францыю можна нічога не казаць, таму што ўсе і так ведаюць іх моц. Фіны таксама вельмі добрая каманда. Грузія ў апошнія гады выступае вельмі някепска. Застаецца спадзявацца, што ўсё будзе добра.
Максім Валадзько (паўабаронца, БАТЭ):
— Група неварагодна цяжкая. Але ў тым, што давядзецца гуляць з такімі моцнымі зборнымі, ёсць і станоўчы бок. З іспанцамі будзе складана цягацца. Гэта відавочна. Напэўна, дабіцца выніку можна будзе за кошт хуткіх контратак. З Францыяй ужо гулялі. Усе памятаюць, як — узялі ў іх 4 ачкі з 6-ці магчымых. Ну, а з астатнімі трэба проста гуляць у сваю сілу і перамагаць.
Алег Вераціла (абаронца, "Дынама Мінск"):
— З аднаго боку, нам з лёсаваннем, безумоўна, не пашанцавала. З другога — мы будзем мерацца сілай з чэмпіёнамі свету! Калі такое яшчэ будзе?! Супернікі моцныя, але шанцы ёсць, і наша зборная гэта ўжо даказвала. Выніку можна дабіцца за кошт самааддачы і канцэтрацыі ўвагі.
Віталь Радзівонаў (нападаючы, БАТЭ):
— Будзем аптымістамі: мне жараб'ёўка спадабалася. Калі пачуў, з кім прыйдзецца гуляць, быў вельмі рады. Не разумею некаторых гульцоў з нашай зборнай, якія кажуць, што ў нас няма ніякіх шанцаў. Трэба выходзіць з думкамі аб тым, як можна дабіцца добрага для нас выніку. Нам пашанцавала гуляць з такімі зборнымі, як Францыя і Іспанія. Гэта будзе праверка моцы нашай каманды. Галоўнае — верыць у сябе.
Падрыхтаваў Максім Стаян.