Віктар Ганчарэнка: "Прапаную ўсім аказваць менш ціску на БАТЭ"
Барысаўскі БАТЭ паспяхова пераадолеў трэці раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, атрымаўшы дома патрэбную (пасля гасцявой нічыёй) перамогу над літоўскім "Экранасам" — 3:1. Такім чынам, чэмпіён краіны выйшаў у плэй-оф, дзе яго чакае яшчэ два матчы. У выніку перамогі барысаўчане змогуць згуляць у групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў, паўтарыўшы поспех сезону-2008. У адваротным выпадку БАТЭ забяспечаны групавы этап Лігі Еўропы. Менавіта ў ім два апошнія сезоны і выступаў наш чэмпіён.
Віктар Ганчарэнка пасля матчу адзначыў, што каманда справядліва прайшла ў плэй-оф, і ўсім прапанаваў не аказваць ціск на БАТЭ:— Па суме двух матчаў наша перамога не выклікае сумненняў. Будзем лічыць, што мы былі лепшымі, нягледзячы на тое, што засталіся ў меншасці ў канцы першага тайма. Асаблівых момантаў каля нашых варот не ўзнікала, а ў контратакі мы беглі хутка, і адну выкарысталі. Лічу, мы па справе прайшлі ў наступны раўнд. Гульня была напружаная, адняла шмат нерваў у балельшчыкаў і трэнераў. Напэўна, у гэтым раўндзе па-іншаму і нельга — на коне стаіць вельмі шмат. Зараз каманда знаходзіцца пад вялікім ціскам. Усе чакаюць, каб мы добра выступілі. Прапаную ўсім аказваць менш ціску, а мы зробім усё магчымае, каб прайсці далей.
— Чакалі, што гульня будзе такой складанай?
— Цяжка планаваць выдаленне. Калі б не яно, гульня б склалася лягчэй.
— У перапынку вы давалі камандзе ўстаноўку гуляць ад абароны?
— Вядома. Мы крыху перастроіліся, улічваючы наша выдаленне. Але гэта была не толькі ўстаноўка на гульню ад абароны. Гаварылі і пра тое, як контратакаваць.
— Шкадуеце пра другую жоўтую картку Брэсана?
— Гэта эмоцыі. Усе кругом і навокал хадзілі, казалі, што Рэнан у Панявежысе не вельмі добра выглядаў. Магчыма, нейкія стрэлы ляцелі ў яго і пасля гульні ў Віцебску. Брэсан выходзіў на гэты матч з вялікім жаданнем. Напэўна, яно дзесьці перабрала меру. Першую картку складана каментаваць, другая — абсалютна заслужаная.
Алена АЎЧЫННІКАВА.