У лёгкаатлетаў — пяцёрка

Источник материала:  

У лёгкаатлетаў — пяцёркаНашы лёгкаатлеты заваявалі 5 медалёў на моладзевым чэмпіянаце Еўропы (да 23 гадоў), які прайшоў ў чэшскай Астраве ў мінулыя выхадныя.

"Золата" чэмпіянату Еўропы ўзяла Аліна Талай (на фота), якая стала лепшай на дыстанцыі 100 м з бар'ерамі з вынікам 12,91 сек. "Серабро" ў кіданні дыска заваявала Настасся Каштанава (56 м 25 см) і Эдуард Міхан у дзесяцібор'і. "Бронзу" кантынентальнага першынства ўзялі Алег Дубіцкі (кіданне молата, 72 м 52 см) і Яна Максімава (сямібор'е, 6075 ачкоў). У васьмёрку мацнейшых у сваіх відах увайшлі Аляксандр Ліннік (5-е месца, бег 200 м), Сяргей Каламоец (6-е, кіданне молата), Настасся Мірончык-Іванова (6-е, скачкі ў даўжыню), Аліна Кастрова (6-е, кіданне молата), Вольга Малевіч (8-е, бег 10000 м), Сяргей Платонаў (8-е, бег 5000 м), Сяргей Бахар (8-е, штурханне ядра).

Японкі выйгралі чэмпіянат свету   У Германіі завяршыўся чэмпіянат свету па футболе сярод жанчын.

Чэмпіёнкамі свету ўпершыню ў сваёй гісторыі сталі японкі: у фінале яны абыгралі двухразовых чэмпіёнак свету зборную ЗША — 2:2 (па пен. 3:1). Галоўнай сенсацыяй чэмпіянату і сапраўднай драмай для стала гаспадынь турніру паражэнне каманды Германіі ад цяпер ужо чэмпіёнак на стадыі 1/4 фіналу. Дагэтуль жаночая нямецкая машына не прайгравала 12 гадоў запар. У матчы за 3-е месца Зборная Швецыі абыграла каманду Францыі — 2:1. Наступны жаночы чэмпіянат свету пройдзе ў 2015 годзе ў Канадзе.

З Кубка Амерыкі "вылецелі" фаварыты

У суботу на Кубку Амерыкі па футболе пачаўся другі этап. Восем мацнейшых каманд па выніках групавога турніру распачалі матчы на выбыццё, плей-оф, а дакладней — чвэрцьфіналы. І адразу Кубак пакінулі амаль самыя мацнейшыя, як здавалася дагэтуль, каманды — а менавіта славутыя бразільцы і аргенцінцы.

У першай жа гульні каманда Калумбіі ўступіла зборнай Перу — 0:2 (дадатковы час), прычым лідар калумбійцаў, лепшы бамбардзір Лігі Еўропы Фалькао не рэалізаваў пенальці ў другім тайме. Упершыню ў сваёй гісторыі выступленняў на Кубку ў паўфінал выйшла каманда Венесуэлы, якая лічылася адной са слабейшых на турніры. Але ж запісныя аўтсайдары з лікам 2:1 перайгралі моцную зборную Чылі, чым прымусілі паважаць сябе. Гэта адзначыў і прэзідэнт краіны Уга Чавес, які знаходзіўся на лячэнні на Кубе. Ён заклікаў свой народ ганарыцца "славутымі вінаробамі" (мянушка каманды).

Самыя тытулаваныя каманды абедзвюх Амерык — Бразілія і Аргенціна — бясслаўна сышлі з дыстанцыі Кубка на стадыі 1/4 фіналу. Аргенцінцы на чале з лепшым гульцом свету Леанэлем Месі і поўнай абоймай іншых сусветных футбольных знакамітасцяў у серыі пенальці ўступілі паўфіналісту чэмпіянату свету Уругваю (асноўны і дадатковы час — 1:1, пенальці — 4:5). Вырашальным аказаўся промах лепшага гульца англійскага клуба арабскіх міліянераў "Манчэстэр Сіці" Карласа Тэвеса. Бразільцы наогул асарамаціліся: мала таго, што ў чвэрцьфінале яны не забілі парагвайцам ніводнага гала з гульні, дык яшчэ і не рэалізавалі ніводнага пасляматчавага пенальці! 2:0 — перамога каманды Парагвая, і пяціразовым чэмпіёнам свету павінна быць вельмі і вельмі сорамна за сваю гульню. Варта славутым майстрам мяча ўспомніць, як забіваць галы. Паўфіналы Кубка Амерыкі пачнуцца ўжо зараз: сёння згуляюць паміж сабой каманды Перу і Уругвая, а заўтра Парагвая і Венесуэлы.   Самсонаў выйграў адкрыты чэмпіянат Марока

Беларус Уладзімір Самсонаў стаў пераможцам адкрытага чэмпіянату Марока па настольным тэнісе, які ўваходзіць у серыю Про-тур.

У фінальным паядынку спаборніцтваў у Рабаце наш суайчыннік упэўнена перайграў бельгійца Жана-Мішэля Сайвэ — 4:0. Да гэтага Самсонаў адолеў Махамеда Лазазі з Алжыра, датчаніна Каспера Стрэнберга, егіпцяніна Эль-Саеда Лашына і партугальца Маркаса Фрэйтаса.   Беларусь узяла "бронзу" ЧЕ па мотаболе

Зборная Беларусі па мотаболе чацвёрты раз стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы, які прайшоў ва ўкраінскім Вазнясенску, паведамляе БЕЛТА.

У паядынку за бронзу беларуская дружына ўпэўнена абыграла каманду Украіны — 8:2. На шляху да п'едэстала беларусы ўступілі на папярэдняй стадыі зборным Расіі (2:8) і Германіі (0:4) і атрымалі перамогі над Украінай (6:3) і Галандыяй (7:1). А ў паўфінале беларусы зноў уступілі нямецкім спартсменам, праўда, на гэты раз ва ўпартай барацьбе (3:4). Чэмпіёнамі Еўропы чарговы раз сталі мотабалісты Расіі, якія ў фінале ўзялі верх над камандай Германіі (4:2). Для зборнай Беларусі цяперашняя "бронза" стала ўжо чацвёртай.

←У лёгкаатлетаў — пяцёрка

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика