Мінскае "Дынама" набірае абароты
Чарговую перамогу ў чэмпіянаце Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі атрымала мінскае "Дынама": сталічная каманда дома абыграла магілёўскі "Днепр" з лікам 2:0 і выйшла на 4-е месца ў турнірнай табліцы.
А вось другое "Дынама", брэсцкае, зноў саступіла суперніку і можа пазбавіцца галоўнага трэнера. На гэты раз брастаўчане прайгралі на сваім полі наваполацкаму "Нафтану" — 1:3. Пасля матча галоўны трэнер гаспадароў Юрый Пунтус заявіў аб сваёй адстаўцы. Барысаўскі БАТЭ на выездзе абыграў "Тарпеда-БЕЛАЗ" з Жодзіна — 3:0 і павялічыў на адно ачко адрыў ад салігорскага "Шахцёра", які на сваім полі не здолеў перамагчы "Гомель" — 1:1. Футбольны клуб "Мінск" пасля поспеху ў Лізе Еўропы у родным чэмпіянаце працягвае засмучаць сваіх балельшчыкаў. На гэты раз мінчане ў гасцях мінімальна саступілі "Віцебску" — 0:1. Бабруйская "Белшына" дома "распісала нічыю" з гродзенскім "Нёманам" — 1:1.
Становішча каманд пасля 17 тураў: БАТЭ — 41 ачко, "Шахцёр" — 33, "Нафтан" — 27, "Дынама" (Мінск) — 24, "Гомель" — 24, "Нёман" — 22, "Белшына" — 21, "Тарпеда-БЕЛАЗ" — 21, "Віцебск" — 20, "Мінск" — 18, "Днепр" — 13, "Дынама" (Брэст) — 12. БАТЭ і "Шахцёр" правялі па 18 матчаў, астатнія каманды — па 17.
Кубак Дэвіса: стаім на месцыТэнісісты зборнай Беларусі прайгралі ў гасцях камандзе Венгрыі з лікам 2:3 у матчы Кубка Дэвіса (другая група Еўра-Афрыканскай зоны).
Спачатку Уладзімір Ігнацік абыграў Адама Келнера — 7:6, 6:4, 5:7, 1:6, 7:5, Аціла Балаш жа ў адказ — Сяргея Бетава — 6:2, 6:1, 7:5. У другі дзень у парнай гульні Уладзімір Ігнацік і Максім Мірны выйгралі ў Карнела Барджоскі і Марціна Фуксавіча — 7:5, 6:7, 6:7, 6:1, 6:4. У трэці гульнявы дзень Уладзімір Ігнацік прайграў Балашу — 6:7, 3:6, 6:7, а Сяргей Бетаў таксама саступіў Адаму Келнеру — 2:6, 0:6, 2:6. Такім чынам, беларусы застаюцца ў другой групе Еўра-Афрыканскай зоны, дзе і працягнуць выступленні ў наступным годзе, а венгры пазмагаюцца з камандай Вялікабрытаніі за права згуляць у першай групе ЕАЗ.
Мексіканскія юнакі — чэмпіёны светуЗборная Мексікі ў родных сценах стала чэмпіёнам свету сярод гульцоў, чый узрост не перавышае 17 гадоў.
Юнацкая зборная Мексікі выйграла чэмпіянат свету па футболе. У фінале мясцовыя футбалісты перамаглі каманду Уругвая з лікам 2:0. Такім чынам, зборная Мексікі ў другі раз у сваёй гісторыі стала чэмпіёнам свету сярод гульцоў ва ўзросце да 17 гадоў. Варта адзначыць, што каманда гаспадароў выйграла ўсе матчы на сусветным першынстве.