Беларусь абыграла Ісландыю
У суботу ў Даніі стартавала фінальная частка моладзевага чэмпіянату Еўропы, на якім беларуская каманда выступае ў трэці раз. Падапечныя Георгія Кандрацьева, які напярэдадні турніру заяўляў, што нам па сілах выйсці ў паўфінал, пачалі з перамогі над зборнай Ісландыі — 2:0. Многія гэты матч лічылі барацьбой за другую пуцёўку ў паўфінал, першую аддаючы датчанам. Аднак датчане свой першы матч прайгралі швейцарцам (0:1). Цяпер, каб выйсці з групы, гаспадарам неабходна выйграваць сёння ўвечары — у нас. Паядынак пачнецца ў 21.45, яго пакажа беларускае тэлебачанне.
Перамога над ісландцамі ў матчы-адкрыцці чэмпіянату далася нам няпроста. Першы тайм атрымаўся вельмі стрыманым у выкананні абедзвюх камандаў — вельмі высокай была цана памылкі. Затое ў другім тайме, калі да канца асноўнага часу заставалася 13 хвілін, беларусы вырашылі зыход паядынку: спачатку Стас Драгун зарабіў пенальці, які рэалізаваў Андрэй Варанкоў, а пасля гол забіў Максім Скавыш. Вось як пракаментаваў матч Георгій Кандрацьеў:
— Як я і думаў, матч аказаўся вельмі цяжкім. Падчас першага тайма было бачна, што хлопцы хваляваліся. У нас не атрымлівалася гульня ў пас. Калі ў абароне мы дзейнічалі дастаткова ўпэўнена, то ў сярэдняй лініі і ў атацы практычна нічога не атрымлівалася. У перапынку я папрасіў хлопцаў разняволіцца і вельмі рады, што ў другім тайме нам шмат што ўдавалася і што мы дасягнулі такой патрэбнай перамогі, — цытуе галоўнага трэнера афіцыйны сайт УЕФА.
Герой матча Стас Драгун, які зарабіў пенальці і чырвоную картку для гульца каманды Ісландыі, не стаў перабольшваць сваю ролю:
— У нас герояў — уся каманда. Адпрацавалі ўсе, пачынаючы ад масажыстаў і заканчваючы гульцамі. Усе рабілі адну справу. Добра, што так скончылася. Наперадзе яшчэ дзве вельмі важныя гульні. Нас чакаюць добрыя супернікі. Трэба выйграваць, каб выходзіць з групы.
Капітан каманды Міхаіл Сівакоў прызнаўся, што перад матчам не мог спаць:
— Звычайна перад гульнёй імкнуся гадзінку паспаць, але сёння злавіў сябе на тым, што не змог нават задрамаць. У галаве круціліся думкі, наколькі важны першы матч і што нам трэба дасягнуць станоўчага выніку. Было вельмі прыемна бачыць беларускія сцягі: дзякуй балельшчыкам, якія дабраліся да Даніі. Мяркую, іх было каля 20 чалавек.
Міхаіл Сівакоў, дарэчы, прызнаны лепшым гульцом матча, ён атрымаў кубак "The men of the mutch". Становішча ў групе В: Беларусь — 3 ачкі, Швейцарыя — 3, Данія — 0, Ісландыя — 0. Матч са Швейцарыяй мы правядзём 18 чэрвеня (пачатак у 21.45), паўфіналы пройдуць 22 чэрвеня (19.00 і 22.00), фінал — 25 чэрвеня (21.45).
На турніры, дарэчы, разыгрываюцца і пуцёўкі на Алімпіяду ў Лондан. Гаспадары англічане атрымліваюць іх аўтаматычна, і калі яны выйдуць з групы, то ўсе паўфіналісты атрымаюць пропуск на Гульні-2012. Калі ж у плэй-оф пачынальнікі футбола не пройдуць, то пуцёўкі атрымаюць фіналісты чэмпіянату Еўропы, а паўфіналісты правядуць за яе дадатковы матч.
Алена АЎЧЫННІКАВА.