Максім Мірны і Даніэль Нестар выйгралі парны турнір "Ралан Гарос"
Беларус Максім Мірны і канадзец Даніэль Нестар выйгралі парны турнір адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе, які завяршыўся 5 чэрвеня на кортах "Ралан Гарос" у Парыжы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У фінальным матчы пасеяны пад другім нумарам беларуска-канадскі дуэт узяў верх над парай Хуан Себасцьян Кабаль (Калумбія) / Эдуарда Шванк (Аргенціна) — 7:6 (7:3), 3:6, 6:4.
Для Максіма Мірнага гэта ўжо трэцяя перамога ў парным разрадзе "Ралан Гарос". У 2005 і 2006 гадах ён перамагаў у Парыжы разам са шведам Юнасам Б'ёркманам.
Усяго ж на рахунку Максіма Мірнага пяць парных перамог на турнірах "Вялікага шлема": тры — на "Ралан Гарос" і дзве — на адкрытым чэмпіянаце ЗША.
Беларускі заваявалі бронзу каманднага Кубка Еўропы ў бегу на 10 000 мБеларуская жаночая каманда (Святлана Кудзеліч, Вольга Мініна, Святлана Коўган) заваявала бронзавыя медалі на 15-м камандным Кубку Еўропы ў бегу на 10 000 метраў у г.Осла (Нарвегія), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Золата дасталася зборнай Італіі, серабро — камандзе Партугаліі.
Нагадаем, у 2010 годзе беларуская жаночая дружына (Святлана Кудзеліч, Вольга Мініна, Святлана Коўган) таксама заняла трэцяе месца на Кубку Еўропы ў бегу на 10 000 м і была прызнана трэнерскім саветам Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі лепшай жаночай камандай 2010 года.
У асабістым заліку беларускі ў г. Осла занялі наступныя месцы: Святлана Кудзеліч (Мінск) — 7-е (32 мін. 40,60 сек.), Святлана Коўган (Мінск) — 16-е (33 мін. 24,68 сек.), Вольга Мініна (Магілёўская вобл.) — 23-е (33 мін. 48,26 сек.), Настасся Старавойтава (Мінская вобл.) — 26-е (34 мін. 16,83 сек).
У мужчынскім забегу Сцяпан Рагаўцоў (Магілёўская вобласць) фінішаваў 11-м — 29 мін. 05,58 сек.