Сталічнае "Дынама" ўжо на перадапошнім месцы
А трэнера Юрый Чыж дагэтуль не памяняў
Магілёўскі "Днепр" у матчы з салігорскім "Шахцёрам" на яго полі вырваў ачко на 95-й хвіліне! Да гэтага "Шахцёр" выйграваў 2:1 і нічога не прадракала нічыёй. Цяпер "Днепр" усяго тры ачкі аддзяляе ад сталічнага "Дынама", якое знаходзіцца на прыступку вышэй — на 11-м месцы. Пошукі новага трэнера бела-блакітнымі зацягваюцца. Юрый Чыж яшчэ раней абяцаў, што адправіць трэнерскі штаб у адстаўку, чаго ўсе і чакалі. Тым больш што на матчы дынамаўцаў Брэста і Мінска былі заўважаныя і два магчымыя кандыдаты на вакантную пасаду — расіянін Сяргей Аўчыннікаў і ўкраінец Сяргей Яшчанка. Але на гасцявы матч з жодзінскім "Тарпеда" мінскіх дынамаўцаў зноў вывеў Алег Васіленка, і мінчане зноў прайгралі — 0:1. Яшчэ адзін няўдачнік стартавых тураў, ФК "Мінск", атрымаў перамогу над "Гомелем" 2:1 і паступова перамяшчаецца з зоны аўтсайдараў у сярэдзіну турнірнай табліцы. Лідар чэмпіянату, БАТЭ, з'яўляецца дагэтуль адзінай камандай першынства, якая не ведае паражэнняў — на рахунку чэмпіёна 7 перамог і 2 нічыіх. Барысаўчане наведваліся ў госці да бабруйскай "Белшыны" і перамаглі 2:0. Брэсцкае "Дынама" і гродзенскі "Нёман" разышліся мірна — 1:1. А ў паўночным дэрбі "Нафтан" быў мацнейшым за "Віцебск" — 1:0. Турнірнае становішча пасля 9 тураў: БАТЭ — 23 ачкі (розніца мячоў 16-3) "Тарпеда-БелАЗ" — 14 (9-9), "Гомель" — 13 (10-7), "Нафтан" — 12 (14-9), "Нёман" — 12 (8-7), "Мінск" — 12 (10-10), "Шахцёр" — 12 (6-8), "Дынама" (Брэст) — 11 (11-11), "Белшына" — 11 (9-13), "Віцебск" — 10 (7-11), "Дынама" (Мінск) — 9 (5-6), "Днепр" — 6 (8-18).
Алена АЎЧЫННІКАВА.