Эдуард Занкавец вызначыўся са складам на чэмпіянат свету

Источник материала:  

У пятніцу і суботу нацыянальная хакейная зборная правяла два матчы Еўравыкліку супраць каманды Даніі. Першы матч праходзіў на "Мінск-Арэне". Паядынак пачаўся з хвіліны маўчання ў памяць аб загінулых 11 красавіка ад выбуху ў мінскім метро. Усе сродкі, выручаныя ад матча, паступяць на рахунак у дапамогу пацярпелым. Матч зноў скончыўся серыяй булітаў, у якой мацнейшымі аказаліся не беларусы — 3:4.

На наступны дзень у Салігорску каманды сустрэліся зноў. На гэты раз поспех быў за беларускай зборнай — 7:1. Ужо за сем стартавых хвілін паядынку беларусы тройчы здолелі вылучыцца. Датчане змянілі варатара, але і ён прапусціў яшчэ чатыры шайбы да фінальнай сірэны. Госці змаглі прабіць Сяргея Шабанава толькі аднойчы, у трэцім перыядзе.

Гэта былі апошнія матчы беларускай каманды на хатніх пляцоўках у гэтым сезоне. Зараз наша каманда працягвае падрыхтоўку на "Мінск-Арэне" да чэмпіянату свету-2011, які пройдзе ў Кошыцы і Браціславе з 29 красавіка па 15 мая. Учора трэнерскі штаб скараціў склад нашай каманды да 25 хакеістаў. У зборнай засталіся варатары Андрэй Мезін, Сяргей Шабанаў і Дзмітрый Мільчакоў, абаронцы Уладзімір Дзянісаў, Сяргей Коласаў, Мікалай Стасенка, Аляксандр Радзінскі, Дзмітрый Корабаў, Віктар Касцючонак, Андрэй Антонаў, Іван Усенка, Алег Гарошка, нападаючыя Аляксандр Кітараў, Андрэй Сцяпанаў, Сяргей Дзямагін, Аляксей Калюжны, Яўген Кавыршын, Аляксандр Кулакоў, Андрэй Міхалёў, Сяргей Дрозд, Аляксандр Паўловіч, Дзмітрый Мялешка, Андрэй Стась, Аляксей Угараў, Аляксей Ефіменка.

Як паведамілі ў беларускай федэрацыі хакея, Віталь Коваль праходзіць медыцынскі агляд і можа быць у Мінску ўжо ў сераду. Міхаіл Грабоўскі павінен далучыцца да зборнай 20 красавіка. 21 красавіка чакаецца прыбыццё Кірыла Гатаўца. Аляксей Калюжны, Уладзімір Дзянісаў і Сяргей Коласаў, якія прыбылі нядаўна, займаюцца ў агульнай групе.

Вось як пракаментаваў скарачэнне каманды галоўны трэнер Эдуард Занкавец:

— Ва ўсіх хакеістаў было жаданне і імкненне. На жаль, не ўсе могуць трапіць на карабель. Лічу, што гульцы зрабілі крок наперад і выглядаюць лепей, чым год таму. Усе яны застаюцца кандыдатамі на паездку на чэмпіянат свету, бо ад траўмаў не застрахаваны ніхто.

Нацыянальная каманда працягне трэніроўкі на "Мінск-Арэне" да раніцы 22 красавіка, а затым вылеціць у Швейцарыю. За мяжой наша каманда правядзе яшчэ 2 спарынгі: 23 красавіка са зборнай Швейцарыі ў Лангентале і 25 красавіка са зборнай Германіі ў Кёльне, а затым накіруецца ў Кошыцу.

Чэмпіянат свету для нас пачнецца 29 красавіка матчам супраць каманды Канады. У групе беларусы таксама сустрэнуцца з швейцарцамі (1 мая) і французамі (3 мая).

Алена КРАВЕЦ.

←Хоккей. НХЛ. Плей-офф. 1/8 финала. Третий матч. Голевой пас Сергея Костицына помог "Нэшвиллу" обыграть "Анахайм" (ВИДЕО)

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика