"Які боль! "Нафтан" — "Днепр" 6:0"
Так магілёўскія футбалісты папярэдзілі кіраўніцтва клуба?
Чацвёрты тур чэмпіянату Беларусі, у межах якога прайшло беларускае "класіка" БАТЭ — "Дынама" (Мінск), прынёс шэраг нечаканых вынікаў. Гэта і пройгрышы "Нёмана", брэсцкага "Дынама", "Мінска" (і галоўнае — "Шахцёра"), здавалася б, слабейшым супернікам, а таксама разгром магілёўскага "Дняпра" з зусім непрыстойным вынікам — 0:6.
Выйгрыш БАТЭ ў мінскага "Дынама" нечаканым не назавеш, хоць у сёлетнім сезоне адназначна назваць фаварыта ў гэтай пары нельга. Для заўзятараў сталічнага клуба, якія масава накіраваліся на першы ў сезоне выезд, беларускае "класіка" ператварылася ў 90 хвілін пекла: гол барысаўчане забілі ўжо на другой хвіліне дзякуючы майстэрству, вядома ж, Рэнана Брэсана. І адышлі ў абарону, даючы магчымасць атакаваць першым нумарам мінчанам. Але вынікаў гэта не прынесла ні ў першым тайме, ні ў другім. Футбаліст, індывідуальнае майстэрства якога дазваляла выправіць сітуацыю, Слава Глеб, атрымаў траўму і пакінуў поле ў першым тайме, а дынамаўцы так і засталіся з нулём на табло. Пасля матча Рэнан Брэсан падзяліўся ўражаннямі:
— Зараз усе хочуць абыграць БАТЭ. Бо наш клуб пяць разоў запар станавіўся чэмпіёнам. Камусьці ўжо надакучыла бачыць БАТЭ на першым месцы. Але нам гэтага мала: мы хочам і сем, і дзесяць разоў запар выйграць чэмпіянат. Мы ўжо ведаем, што супернікі гуляюць супраць нас злосна і з добрым настроем, і рыхтуемся да гэтага.
Вось як пракаментаваў старт сезона старшыня праўлення БАТЭ Анатоль Капскі:
— Звычайны старт. Мы толькі ўкатваемся ў сезон. Для добрага, якаснага футбола патрэбны яшчэ і якасны газон. Плюс некалькі ключавых гульцоў у нас траўміраваныя. Неабходны час, каб футбалісты згуляліся, адчулі адзін аднаго. Што датычыць матча, то абедзве каманды здатныя на больш якасны футбол. Мяркую, БАТЭ атрымала перамогу па гульні.
На матчы ў Барысаве, дарэчы, прысутнічалі і цяперашні старшыня федэрацыі футбола Генадзь Нявыглас, паўнамоцтвы якога ў хуткім часе скончацца, і віцэ-прэм'ер Сяргей Румас, які з'яўляецца адзіным кандыдатам на пасаду кіраўніка беларускага футбола.
"Шахцёр", які ў мінулым туры скарыстаўся памылкамі астатніх фаварытаў і стаў лідарам чэмпіянату, зараз нечакана прайграў "Белшыне" — 0:2. Гэтак жа нечакана "Мінск" саступіў жодзінскаму "Тарпеда" — 0:1. У каманды з Жодзіна гэта другая перамога запар (над сярэбраным і бронзавым прызёрамі мінулагодняга першынства, між іншым), праўда, абедзве гульні на поле не выходзіць скандальна вядомы Вадзім Яўсееў: ветэран атрымаў траўму. Але і без яго гульцы прымушаюць паверыць, што ў гэтым сезоне Жодзіна не будзе весці барацьбу за выжыванне ў вышэйшай лізе. Глаўком "Тарпеда" Сяргей Гурэнка зноў у сваім рэпертуары: за спрэчкі з галоўным арбітрам матча Сяргей Вітальевіч быў выдалены на трыбуны і дыскваліфікаваны на наступны матч. Адчуваецца, што сезон не будзе сумным.
"Гомель", які пачаў асвойвацца ў вышэйшай лізе, таксама дае бой фаварытам — на гэты раз зломленая адна з самых няўступных каманд чэмпіянату — брэсцкае "Дынама" (2:0). А "Нёман", які ўдалым стартам прымусіў заўзятараў паверыць, што ў сёлетнім сезоне гэта зусім іншая каманда, бязвольна прайграў "Віцебску" 0:1.
У сваю чаргу магілёўскі "Днепр" прымусіў задумацца, што нешта ў камандзе дакладна не так: у тым, каб прайграць "Нафтану", нічога ганебнага, вядома ж, няма, але з лікам 0:6... На форумах заўзятары задаюцца пытаннем: ці не было гэта мэтанакіраваным "сплавам" ці папярэджаннем ад гульцоў, якім затрымліваюць зарплату? Мы не ведаем унутрыклубнай "кухні", а можам толькі канстатаваць: такае здараецца, калі гульцы чымсьці вельмі незадаволеныя.
Турнірнае становішча: "Гомель" — 8 ачкоў, БАТЭ — 8, "Белшына" — 7, "Тарпеда" — 7, "Шахцёр" — 6, "Дынама" (Мінск) — 5, "Дынама" (Брэст) — 5, "Мінск" — 5, "Нафтан" — 4, "Нёман" — 4, "Віцебск" — 4, "Днепр" — 1.
Матчы наступнага, 5-га тура, адбудуцца ўжо сёння.
Алена Аўчыннікава.