БАТЭ і мінскае "Дынама" зноў губляюць ачкі

Источник материала:  

Брэсан папрасіў прабачэння за незабіты пенальці

Прайшлі матчы трэцяга тура чэмпіянату Беларусі па футболе. Два сёлетнія фаварыты страцілі ачкі. Чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ не здолеў абыграць магілёўскі "Днепр", які да гэтага саступаў у двух папярэдніх турах. Сталічнае "Дынама" таксама ўнічыю згуляла з "Гомелем", які мінулы сезон правёў у першай лізе. Сітуацыяй скарыстаўся "Шахцёр", які і выйшаў пакуль у лідары.

Магілёўскі "Днепр" (ён, дарэчы, пасля двух тураў заставаўся адзіным клубам, што не меў на рахунку ніводнага ачка) прымаў барысаўскі БАТЭ. Улічваючы статус гасцей, можна было меркаваць, што гаспадары і далей будуць замыкаць групу аўтсайдараў. Аднак падапечным Андрэя Скарабагацькі трэба аддаць належнае: ужо на 4-й хвіліне "Днепр" павёў 1:0. Былы варатар БАТЭ, які зараз абараняе колеры магілёўскага клуба, Барыс Панкратаў выдатна настроіўся на матч супраць свайго былога клуба і пасля таго, як вароты БАТЭ былі ўзятыя, выратоўваў у любых сітуацыях. Сам Рэнан Брэсан не здолеў забіць Панкратаву пенальці. За гэта, дарэчы, бразільскі легіянер пасля матча прасіў прабачэння ў балельшчыкаў:

— Ключавым эпізодам стаў нерэалізаваны мной пенальці. У футболе здараецца ўсякае, але я прашу ў балельшчыкаў прабачэння. Гэта мая віна.

Паядынак быў нервовы і з багаццем парушэнняў: абедзве каманды ў сярэдзіне гульні страцілі па гульцу. А БАТЭ, саступаючы ўвесь матч, усё-такі адыграўся і апраўдаў свой стэрэатып шчасліўчыкаў: на 87-й хвіліне пасля падачы вуглавога Брэсанам забіць удалося Гардзейчуку.

— Мне абсалютна не спадабалася, як мы гулялі ў першым тайме. У нас не было не канцэнтрацыі, ні страсці для перамогі. Прапусцілі мяч — і слаба на гэта адрэагавалі. Але ў цэлым па выкананні гэта наш лепшы матч у сезоне, — так ацаніў гульню Віктар Ганчарэнка.

— Трэцяе паражэнне запар магло прывесці да доўгага накаўта, ад якога псіхалагічна складана было б адысці. Цудоўна згуляў Бора Панкратаў, — адзначыў галоўны трэнер магіляўчан Андрэй Скарабагацька.

Сталічнае "Дынама" таксама сустракалася з менш рэйтынгавым супернікам. Праўда, "Гомель" нядрэнна пачаў сёлетні чэмпіянат, атрымаўшы перамогу і нічыю ў папярэдніх турах. Вырашальным фактарам у гэтым матчы стаў газон стадыёна "Дынама", які не змаглі аднавіць пасля лютаўскага матча БАТЭ ў Лізе Еўропы і ён пагаршаецца ад тура да тура. Каманды не здолелі ўзяць вароты (для "Дынама" гэта другая запар нулявая нічыя на галоўнай футбольнай арэне). Пасля трэцяга тура, дарэчы, стадыён "Дынама" будзе зачынены на 2 месяцы: газон будуць рыхтаваць да чэрвеньскай гульні зборнай супраць каманды Францыі.

— Хлопцы стараліся, трэба аддаць ім належнае. Але штосьці не атрымалася. Самааддача — гэта выдатна, але вынікам я незадаволены, — заявіў пасля матча трэнер бела-блакітных Алег Васіленка.

Тым часам "Шахцёр", які нечакана прайграў у першым туры, запісаў на свой рахунак другую перамогу — на гэты раз над "Віцебскам" (1:0) — і выйшаў у лідары чэмпіянату. На 16-й хвіліне гол забіў Камароўскі. Самым вострым на барацьбу і багатым на забітыя мячы аказаўся бескампрамісны паядынак у Брэсце паміж мясцовым "Дынама" і "Мінскам". Каманды па чарзе вялі ў ліку, аднак гол на 90-й хвіліне Хачатурана выратаваў гасцей ад паражэння. "Тарпеда" дома саступіла "Белшыне" (0:1), а "Нафтан" на хатнім стадыёне прайграў "Нёману" (1:2).

Становішча каманд: "Шахцёр" — 6 ачкоў, "Дынама" Бр — 5, "Мінск" — 5, "Дынама" Мн — 5, БАТЭ — 5, "Гомель" — 5, "Нёман" — 4, "Тарпеда" — 4, "Белшына" — 4, "Нафтан" — 1, "Днепр" — 1, "Віцебск" — 1.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Теннис. Чемпионская гонка WTA. Виктория Азаренко - 4-я в мире

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика