Другі дзень — трэці разгром
Украінскі "Шахцёр" паўтарыў свой антырэкорд, прапусціўшы 5 галоў
Да сумна вядомых разгромленых у аўторак англійскага "Тотэнхэма" і італьянскага "Інтэра" ўвечары серады дадаўся данецкі "Шахцёр". У нейкай ступені нават шкада, што песня адзінага прадстаўніка постсавецкай прасторы ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў хутка скончыцца. Пасля пройгрышу "Барселоне" 1:5 шанцаў на паўфінал ва ўкраінцаў амаль не засталося. "Гарнякі" паўтарылі свой антырэкорд — такое ж буйное паражэнне яны апошні раз пацярпелі ў 2000 ад італьянскага "Лацыа". Апошні чыста англійскі матч стаў выключэннем з сёлетніх чвэрцьфіналаў. Ні "Чэлсі", ні "Манчэстар Юнайтэд" адзін аднаго не разграмілі, разышліся сціпла — 1:0 на карысць "МЮ".
"Барселона" выглядала майстрам, які дае ўрокі футбола камандзе пачаткоўцаў. Свае моманты данчане не змаглі рэалізаваць, а сіне-гранатавыя ўвесь матч нібы нагадвалі, што заб'юць столькі, колькі захочуць. І пачалося ўсё з першай хвіліны, калі пасля атакі "Шахцёра" ў контратацы Ініеста адкрыў лік галам "Барселоны". На 34-й хвіліне Алвеш падвоіў лік. У пачатку другога тайма пасля розыгрышу вуглавога "Барселона" вяла 3:0. "Шахцёр" імкнуўся выправіць становішча, і на 60-й хвіліне вызначыцца ўдалося Ракіцкаму. Праўда, не прайшло і хвіліны, як "Барселона", толькі забраўшы мяч з цэнтра поля, адказала — 4:1. Ну і ў канцоўцы Хаві забіў яшчэ — 5:1.
"Чэлсі" і "МЮ" правялі столькі матчаў паміж сабой у прэм'ер-лізе, што здзівіць адзін аднаго наўрад ці чымсьці змаглі. На правах гаспадароў атакаваў пераважна "Чэлсі", а забіць удалося "МЮ". І зрабіў гэта на 24-й хвіліне Уэйн Руні. "Арыстакраты" імкнуліся адыграцца, але ні Торэс, ні Лэмпард, ні Малуда, ні Анэлька выратаваць каманду не змаглі.
Алена КРАВЕЦ.