"Мінск-Арэна" прыме чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы
З 24 па 29 мая ў Мінску пройдзе XXVІІ чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы. Яго прыме "Мінск-Арэна". А ўчора ў мінскай гарадской ратушы адбылася цырымонія лёсавання турніру. Беларускам на спаборніцтвах дастаўся другі нумар — шар з гэтай лічбай для нашых спартсменак выцягнуў старшыня арганізацыйнага камітэта, мэр Мінска Мікалай Ладуцька.
"Мастацкая гімнастыка — той від спорту, якім у нашай краіне займаюцца тысячы дзяўчат. І я ўдзячны Еўрапейскаму саюзу гімнастыкі за тое, што турнір пройдзе ў Мінску. Магу запэўніць, што ўсё будзе арганізавана на найвышэйшым узроўні, і потым вы яшчэ самі будзеце прасіць нас прыняць міжнародныя спаборніцтвы", — звярнуўся сталічны мэр да прадстаўніц тэхнічнага камітэта Еўрапейскага саюза гімнастыкі. Таксама Мікалай Ладуцька пацвердзіў, што ў Мінску будзе пабудаваны Палац гімнастыкі, зараз завяршаецца яго праектаванне.
На сёння заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах даслалі 34 краіны. 83 гімнасткі выступяць у класе "сеньёры" і 115 — у класе "юніёркі". Апошнія прадстаўляюць 23 каманды Еўропы ў групавых практыкаваннях. Праўда, гэты спіс не з'яўляецца канчатковым — падаць заяўкі можна да 5 мая.
Галоўны трэнер нашай каманды Ірына Ляпарская пасля лёсавання не выказвала нараканняў на наш другі нумар: "Былі выпадкі, калі нам увогуле выпадала адкрываць спаборніцтвы, і мы выступалі паспяхова. Да чэмпіянату Еўропы засталося 77 дзён. Гэта будуць дні напружаныя, але звязаныя з прыемнымі клопатамі. А я ўсе 77 дзён буду марыць, каб гэта першая ластаўка вялікіх міжнародных спаборніцтваў, якая да нас заляцела, не стала апошняй. "Мінск-Арэна" неаднойчы біла рэкорды наведвальнасці на хакеі і канцэртах. Спадзяюся, мастацкая гімнастыка ўстановіць чарговы".
Алена КРАВЕЦ.