Вячаслаў Глеб пагадзіўся выступаць бясплатна, а Бруна Мбанангой — назабіваць галоў
Сталічнае "Дынама" прэзентавала свой зорны склад
Футбольнае "Дынама" сёлета яшчэ да пачатку сезона заявіла аб сваіх чэмпіёнскіх амбіцыях — спачатку на трансферным рынку, пасля працы на якім у камандзе з'явіліся вядомыя беларусы Вячаслаў Глеб і Леанід Ковель, а таксама габонец Бруна Мбанангой і бразілец Рафаэль Ледэсма. Нядрэнная заяўка на тое, каб атрымаць чарговы чэмпіёнскі тытул, пагадзіліся балельшчыкі. Ну і "Дынама" не было б сабой без новага трэнера, які з'явіўся ў камандзе адразу пасля чэмпіянату-2010, — гэта сочынец Алег Васіленка. А днямі сталічны клуб, напэўна, адзіны з нашай вышэйшай лігі, правёў сваю прэзентацыю ў начным клубе "Овертайм", дзе футбалісты і заўзятары маглі і паразмаўляць, і нафатаграфавацца, і адпачыць разам. Тут не было міліцыі, і ніхто не перашкаджаў вывесіць банер "Дынамаўцы — хлопцы з белай скурай блакітных крывей", ды і нішто пакуль не сапсавала ружовых мар заўзятараў на чарговае чэмпіёнства.
Валерый Стральцоў, генеральны дырэктар клуба, распачаў цырымонію проста: "Сёння мы прадстаўляем літаральна новую каманду". І надышла чарга навічкоў, якіх сёлета, дарэчы, у клубе 12, — у конкурсах, якія ім прапаноўвалі вядучыя, футбалісты павінны былі праявіць свае таленты — ад адказаў на мудрагелістыя пытанні да ўмення спяваць, адрозніваць гарэлку ад віскі і садзіцца на шпагат. З разумнымі пытаннямі і шпагатам спраўляліся не ўсе, але нам, пагадзіцеся, ад футбалістаў гэтага і не трэба.
Першымі былі "прэзентаваныя" легіянеры. На ўсе пытанні вядучых Бруна Мбанангой і Рафаэль Ледэсма адказвалі адзіным выразам, які яны ведаюць з рускай — "чуть-чуть". Праўда, калі размова зайшла пра галы ў новым сезоне, Банан, як называюць балельшчыкі Бруна, узгадаў яшчэ адно словазлучэнне — "Дай Бог". Габонец, дарэчы, абраў футболку з 13-м нумарам, а былы "партызанавец" Ледэсма — з нумарам 10.
Вячаслаў Глеб прадэманстраваў выдатны настрой і пачуццё гумару:
— Слава, хто лепш гуляе ў футбол, ты ці твой брат? — пыталіся вядучыя футбаліста.
— Наш тата.
— Чаму ты прыйшоў у "Дынама"?
— Гэта мой родны клуб. Хачу, каб ён стаў чэмпіёнам. "Дынама" мяне зацікавіла фінансавымі ўмовамі.
— Але калі ты так любіш "Дынама", ці гатовы выступаць бясплатна?
— Вядома, гатовы, — пасля секунднага замяшальніцтва адказаў Глеб-малодшы.
Яраславу Ямполю вядучыя прапанавалі няпростае выпрабаванне, з якім ён бездакорна справіўся, беспамылкова вызначыўшы на смак і пах пяць напояў: гарэлку, шампанскае, ліманад, ваду і віскі. Яшчэ складаней прыйшлося армянскаму нападаючаму Роберту Забеляну: дзяўчыну ў бікіні ён павінен быў апрануць у футбольную форму. Роберт не разгубіўся і апрануў ад пальчатак да бутсаў, а увесь працэс зазняў на мабільны тэлефон Слава Глеб. А нападаючаму Леаніду Ковелю, прыхільніку шансона, давялося спяваць з Анатолем Длускім. Прычым выбар спевака быў нечаканым: замест "Его величество футбол" Анатоль праспяваў "Света, Светка" разам з футбалістам. Так героі вечара былі ўрачыста прынятыя ў каманду, што і замацаваў напрыканцы галоўны трэнер Алег Васіленка. На вялізным торце ў выглядзе футбольнага поля трэнер вывеў літару "Д" і раскрыў сакрэт будучых перамог, выклікаўшы да сябе ўсю каманду. А расчулены ўладальнік клуба бізнэсмен Юрый Чыж сказаў пажаданні на новы сезон: "Вось калі будзем так стаяць плячом да пляча, тады і выйграем". Адным словам, чакаем толькі чэмпіёнства!
Алена АЎЧЫННІКАВА.