СПОРТ-ТАЙМ
У новым рэйтынгу Кубка Дэвіса наша каманда паднялася з 48-га на 45-е месца, а колькасць набраных ёй балаў павялічылася з 400 да 480. На мінулым тыдні беларускія тэнісісты выйшлі ў другі круг ІІ групы Еўра-Афрыканскай зоны, перамогшы каманду Балгарыі з лікам 4:1. 8-10 ліпеня зборная Беларусі згуляе ў гасцях з тэнісістамі Венгрыі.
Футбольная зборная апусцілася на 37-е месцаУ новым, сакавіцкім рэйтынгу, апублікаваным ФІФА, зборная Беларусі па футболе страціла адзін пункт, апусціўшыся з 36-га на 37-мы радок. За тэрмін з моманту апублікавання папярэдняга рэйтынгу наша каманда правяла таварыскі матч з камандай Казахстана, дзе згуляла ўнічыю. Рэйтынг па-ранейшаму ўзначальвае зборная Іспаніі. У дзясятцы наймацнейшых — каманды Галандыі, Германіі, Аргенціны, Бразіліі, Англіі, Уругвая, Харватыі, Партугаліі, Грэцыі.
"Барселона" і "Шахцёр" — першыя чвэрцьфіналістыУ 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў першымі выйшлі іспанская "Барселона" і ўкраінскі "Шахцёр".
"Барселона" ўзяла-такі рэванш у "Арсенала" за першае паражэнне і другі сезон запар выбіла англічан з далейшага розыгрышу Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў. "Арсенал" наўрад ці мог прадбачыць тыя кадравыя непрыемнасці, якія прыйшлося перажыць. На пятнаццатай хвіліне траўму атрымаў асноўны варатар лонданцаў Войцэх Шчэнсны, яго замяніў Мануэль Альмунья. А ў пачатку другога тайма падвёў каманду ван Персі. Трапіўшы ў афсайд, ён зрабіў выгляд, што не чуў свістка, і прабіў па варотах. Другая жоўтая картка ператварылася ў чырвоную, і "Арсенал" застаўся ўдзесяцёх. А "Барселона" ўсёй камандай рынулася ў атаку. У выніку на табло 3:1 (дублем вызначыўся Леанэль Месі, трэці мяч забіў Хаві Эрнандэс, а на рахунку Бускетса аўтагол).
Упершыню ў гісторыі выйшаў у 1/4 фіналу данецкі "Шахцёр". Дома ён у другі раз перайграў "Рому". Дакладней разграміў 3:0. Вынік першага матча задавальняў украінскі клуб, які і дазволіў італьянцам гуляць першым нумарам. Праўда, гэта не перашкодзіла "Шахцёру" адкрыць лік у першым тайме — пасля розыгрышу вуглавога вызначыўся Віліян. У другім тайме "Рома" таксама засталася ў меншасці, а гарнякі давялі лік да разгрому.
Алена КРАВЕЦ.