Намеснік старшыні праўлення КХЛ: Ад Беларусі – хоць 4 клубы!
09.03.2011 16:37
—
Новости Спорта
Намеснік старшыні праўлення КХЛ: Ад Беларусі – хоць 4 клубы!
Пакуль што мінскае “Дынама” застаецца адзіным прадстаўніком Беларусі ў КХЛ. Але намеснік старшыні праўлення Кантынентальнай хакейнай лігі Ўладзімір Таржкоў у інтэрв’ю Еўрарадыё распавёў, што ліга зацікаўленая і ў іншых камандах ад нашай краіны.
“Нашая ліга – абсалютна адкрытая, — кажа Уладзімір Таржкоў. — Ад Беларусі мы можам прыняць хоць 4 клубы! Зараз, напрыклад, мы актыўна разглядаем дакументы славацкіх каманд. І такое ўражанне, што “Леў” з Попрада сёлета будзе абсалютна гатовы, каб з наступнага сезона ўвайсці ў КХЛ. Каб толькі не насурочыць, бо летась у іх не атрымалася… Справа ў тым, што ёсць тры сукупнасці патрабаванняў. Першая — фінансавыя, каб былі выкананыя ўмовы, якія дазволяць клубу як мінімум год існаваць у лізе”.
А гэта найперш — нятанныя пералёты па ўсёй Еўразіі, ад Рыгі да Хабараўска. Істотных укладанняў патрабуе таксама клубная інфраструктура. Іншыя патрабаванні датычацца стану арэны, якая будзе прымаць хатнія матчы клуба, і падтрымання, так бы мовіць, баяздольнасці каманды: патэнцыйныя аўтсайдары ў КХЛ не патрэбныя.
Яшчэ ў студзені галоўны трэнер мінскага “Юнацтва” Міхаіл Захараў казаў пра тое, што яго каманда здольная годна прадставіць Беларусь у Кантынентальнай хакейнай лізе. Маўляў, стратэгічнае рашэнне на ўзроўні Федэрацыі хакея Беларусі будзе прынятае ў бліжэйшы час. Але сёння ў размове з Еўрарадыё Міхаіл Міхайлавіч выказаўся больш сціпла:
“Фінансы — гэта пытанне №1. Усё астатняе, як кажуць, у нашай краіне ёсць. Асноўнае — гэта фінансаванне… Таму, як занясем дакументы, — тады і стэлефануемся!”
Па словах Захарава, у выніку ўдзелу ў КХЛ “Юнацтва” можа пераехаць у Бабруйск, дзе збудаваная “Бабруйск-
Арэна” — адна з дзвюх беларускіх хакейных пляцовак, якія адпавядаюць патрабаванням КХЛ. Па падрабязнасці спецыяліст параіў звярнуцца ў Федэрацыі хакея. Генеральны сакратар ФХБ Яраслаў Заўгародні распавёў Еўрарадыё, што федэрацыя беларускія клубы ад удзелу ў КХЛ ніяк не стрымлівае:
“Дакументы ў КХЛ падае клуб. А ўзгадненне [з Федэрацыяй хакея Беларусі. — Заўв. Еўрарадыё] адбываецца пасля таго, як клуб падае ўсю інфармацыю ў лігу і атрымлівае дазвол. А мы мусім толькі пацвердзіць яго ўдзел”.
Не спяшаецца падаваць заяўку на ўдзел у Кантынентальнай хакейнай лігі і “Гомель”. Хакеісты з паўднёвай сталіцы Беларусі заяўлялі пра гатовасць стаць “другім беларускім клубам у КХЛ” яшчэ ў 2009 годзе. Клуб таксама мог бы прэтэндаваць на правядзенне хатніх матчаў у “Бабруйск-Арэне”: ад Гомеля да Бабруйска нават на 20 кіламетраў бліжэй, чым ад Мінска…
“Мы гатовыя да таго, каб пашырацца, — працягвае Уладзімір Таржкоў. — Адно што — не хочацца рабіць гэта штучна. Новы клуб мусіць быць жыццяздольны. Не аднадзёнка. Такое нікому не цікава: ні клубу, ні лізе. Ні праблемы непатрэбныя па выцягванню клуба з фінансавых праблем, ні слабыя каманды, да якіх едзеш унікуды гуляць з немаведама кім…”
Па словах Таржкова, пакуль што месца ў КХЛ хопіць на ўсе вартыя клубы. Летась нават склалася сітуацыя, калі ў лізе была няцотная колькасць каманд, і, у выніку, у канферэнцыі “Захад” гуляла 11 каманд — на адну менш, чым ва Усходняй канферэнцыі. Так што яшчэ адзін клуб не пашкодзіў бы. Напрыклад, мінскае “Юнацтва”.
Уладзімір Таржкоў: “Юнацтва” — добрая каманда, вядомая ў Еўропе. Каманда моцная. З “Юнацтва” супраць нас у ветэранскім турніры чалавек 6 гуляла ў фінале [Паводле сайта КХЛ, падчас Каляднага турніру на прызы Аляксандра Лукашэнкі ў складзе каманды прэзідэнта Беларусі выйшаў цэлы шэраг хакеістаў “Юнацтва”. — Заўв. Еўрарадыё]. Так што я асабіста добра ведаю: “Юнацтва” — моцная каманда”.
Так што з пункту гледжання кіраўніцтва КХЛ сітуацыя выглядае наступным чынам: прыносьце свае дакументы хоць учора — мы разгледзім іх і пачнём кансультацыі. Цяпер справа за беларускімі клубамі.