"Пачынаем з нуля"
01.03.2011
—
Новости Спорта
"Дынама" выйшла наперад, а "Лакаматыў" лік у серыі зраўняў Мінскае "Дынама" правяло два хатнія матчы 1/8 фіналу плэй-оф розыгрышу Кубка Гагарына. Білетаў на "Мінск-Арэну" было не дастаць за некалькі дзён да матчаў. Балельшчыкі двойчы абнавілі рэкорд наведвальнасці на "Мінск-Арэне". 26 лютага наш клуб святкаваў перамогу (4:1) і выйшаў наперад у серыі — 2:1. Лік шайбам на першай хвіліне адкрыў Давід Петрашак, але хутка Ёзэф Вашычак лік зраўняў. А вось пасля гэтага "Лакаматыў" забіць не змог, а дынамаўцы толькі павялічвалі адрыў: па чарзе вызначыліся Джэф Плат, Аляксандр Кулакоў і Сяргей Дрозд. На матчы быў устаноўлены рэкорд па колькасці гледачоў — 15 тысяч 982. Але ён пратрымаўся ўсяго дзень: 27 лютага заўзятары "Дынама" ўстанавілі новы — 16 тысяч 039. Праўда, нягледзячы на гарачую падтрымку, наша каманда на гэты раз саступіла — 2:4. Аляксандр Калянін адкрыў лік, а пасля яго падвоіў. Міхаіл Стэфановіч скараціў адставанне, але госці зноў пайшлі наперад і яшчэ двойчы забілі. Канчатковы лік устанавіў дынамавец Сяргей Дрозд. Пасля матча галоўны трэнер нашай каманды Марэк Сікора трэцюю шайбу ў нашы вароты назваў вырашальнай, але адзначыў, што вынікам, які мог быць і горшым, пакуль задаволены: <І>— Пасля гульні ў Яраслаўлі я казаў, што буду задаволены, калі дома хоць раз выйграем. "Лакаматыў" тройчы запар нікому не саступаў. Таму я задаволены. Хоць калі мы прапусцілі гол у меншасці, а пасля яшчэ адзін, я стаў апасацца, што вечар можа скласціся вельмі дрэнна, асабліва калі даведаўся пра лік у матчы "Атланта" з "Поўначсталлю". Але каманда сабралася, асабліва чацвёртае звяно, якое выдатна сыграла. Добра, што нашы балельшчыкі пастаянна б'юць рэкорд КХЛ па наведвальнасці. Гэта цудоўна гуляць на такой арэне з такімі заўзятарамі, якія з самага пачатку падтрымліваюць каманду, у адрозненне ад расійскіх, якія маўчаць, пакуль не заб'еш гол. Я спадзяюся, што тут усё не скончылася, і мы парадуем балельшчыкаў у наступнай хатняй гульні. — Хуткі гол аказаў псіхалагічны ўплыў на каманду, бо ў папярэдніх матчах мы забівалі першымі. З "Лакаматывам" нельга выдаляцца, з імі трэба гуляць у камандную гульню. Што да маёй шайбы, то я падставіў клюшку і нават не бачыў, забіў ці не. Зразумеў гэта толькі па рэакцыі трыбун. Як успрынялі, што супернік зраўняў лік у серыі? Нармальна, усё пачынаецца з нуля. Праўда, цяпер да дзвюх перамог. Ніякай бяды ў гэтым я не бачу. Дома, зразумела, лягчэй гуляць з такой падтрымкай. Але псіхалагічны ціск большы, і нам увесь час хочацца бегчы ў атаку, — падзяліўся пасля матча нападаючы "Дынама" Міхаіл Стэфановіч. Учора "Дынама" вылецела ў Яраслаўль, дзе правядзе яшчэ адзін матч. А ў чацвер серыя працягнецца зноў на "Мінск-Арэне", паядынак пачнецца ў 19 гадзін. Хакейны клуб "Дынама-Мінск" паведамляе, што квіткі на шосты матч з "Лакаматывам" паступілі ў продаж у аўторак, у 00.01 гадзіну. Іх можна забраніраваць з мэтай далейшага набыцця. Пачынаючы з серады продаж квіткоў будзе ажыццяўляцца ва ўсіх кропках без папярэдняга браніравання. Алена АЎЧЫННІКАВА.