БАТЭ не ўтрымаў перамогу ў матчы з "ПСЖ"

Источник материала:  

Французы вытрывалі і на апошніх хвілінах вырвалі нічыю

Апошнія два дні людзі, нават далёкія ад футбола, сваім абавязкам лічылі спытаць, ці пайду я на матч БАТЭ з "Пары Сен-Жермен". Я сваім абавязкам лічыла пайсці, і рашуча адказвала "Вядома!" Паглядзеўшы перад матчам на тэрмометр, які паказваў мінус 12, маёй рашучасці паменшала, але вялікі футбол у экстрэмальных умовах у нас здараецца раз на год (ну, магчыма, два, калі ўзгадваць снежаньскі паядынак барысаўчан супраць кіеўскага "Дынама") — як такое прапусціш?

17 лютага прайшлі і астатнія матчы 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Расійскі "Рубін" дома саступіў галандскаму "Твентэ" 0:2, практычна пазбавіўшыся шанцаў на выхад у наступную стадыю. Украінскі "Металіст" быў увогуле разгромлены нямецкім "Баерам" — 0:4. Польскі "Лех" перамог партугальскую "Брагу" — 1:0. Сваю ролю ў адзіным забітым мячы сыграў беларускі легіянер Сяргей Крывец — на яго рахунку выніковая перадача. Тры расійскія клубы сыгралі на выездзе: "Зеніт" саступіў швейцарскаму "Янг Бойз" 1:2, а вось "Спартак" у гасцях адолеў швейцарскі "Базэль" — 3:2, ЦСКА мінімальна перайграў грэчаскі ПАОК — 1:0. Кіеўскае "Дынама" таксама згуляла на выездзе і разграміла турэцкі "Бешыкташ" — 4:1. Вынікі астатніх матчаў: "Арыс" (Грэцыя) — "Манчэстэр Сіці" (Англія) — 0:0, "Андэрлехт" (БельгІя) — "Аякс" (Нідэрланды) — 0:3, "Бенфіка" (Партугалія) — "Штутгарт" (Германія) — 2:1, "Напалі" (Італія) — "Вільярэал (Іспанія) — 0:0, "Рэйнджарс" (Шатландыя) — "Спортынг" (Партугалія) — 1:1, "Ліль" (Францыя) — ПСВ (Нідэрланды) — 2:2, "Севілья" (Іспанія) — "Порту" Партугалія — 1:2, "Спарта" Прага (Чэхія) — "Ліверпуль" (Англія) — 0:0.

На матч я крыху спазняюся, і не заўважыўшы чаргі, накіроўваюся да найбліжэйшага ўвахода.

— Уваход для прэсы іншы, — не прапускае мяне па акрэдытацыі міліцыя.

— У вас чарга ці я камусьці перашкаджаю? Чаму вы не можаце мяне прапусціць? — пытаю я, разумеючы, што да ўвахода прэсы мне трэба абыйсці паўстадыёна.

— Не, вы нікому не перашкаджаеце. У нас інструкцыі такія. Прайсці тут вы можаце толькі па білеце.

Мяне выратоўвае балельшчык, які прапануе білет: "Трымайце, мне самому знаёмыя пааддавалі, мне столькі не патрэбна". І сапраўды, многія нават з тых, хто нягледзячы на надвор'е, набылі білеты, увечары ў чацвер вырашылі застацца дома перад тэлевізарам. На стадыёне апынуліся толькі самыя адчайныя заўзятары.

БАТЭ не ўтрымаў перамогу ў матчы з "ПСЖ"

Палявыя кухні са сваім спецыфічным пахам дыму і ежы, нягледзячы на тое, што прапаноўвалі толькі гарбату, — так сюррэалістычны пейзаж сустракае заўзятараў на "Дынама". Захутаныя людзі ў валёнках, якія гатавалі гарбату, увогуле стваралі атмасферу здымак якога-небудзь ваеннага фільма айчыннай кінастудыі. Заўзятары ў жоўта-сініх шаліках ахвотна падыходзілі і саграваліся бясплатнай гарбатай, але мы ведаем, што ніякі напой не сагрэе сапраўднага фаната так, як гарачы футбол.

БАТЭ на гэты раз сыграў так, што прымусіў заўзятараў звярнуцца да іх любімага прыёму — "па торсу". Ад выгляду аголеных фанаў станавілася яшчэ халадней. Горш рабілася хіба што ад французскіх тэлевізійшчыкаў з захутанымі па самыя вочы тварамі, якія сядзелі побач у ложы прэсы.

І што ж? Мы так чакалі, што французскія футбалісты, дэмаралізаваныя адмовай УЕФА пераносіць матч і нашым марозам здадуцца адразу. Не здаліся! Горш за тое — павезлі ў Парыж "баявую нічыю". Якая, дарэчы, куды больш зручная для іх перад матчам у адказ — на чужым полі яны забілі два мячы. БАТЭ двойчы забіваў першым, французы двойчы знайшлі, як адыграцца. На 16-й хвіліне Валадзько аддаў пас на лінію штрафной Радзівонаву, апошні прымусіў узгадаць сваю мянушку "Прафесар", пяткай адпасаваўшы Брэсану — 1:0. Рэнан сваю лепту ў гэтым эпізодзе пасля матча не перабольшваў:

— Вялікую ролю сыграла перадача Радзівонава. Як ён мяне ўбачыў — быццам бы ў Віталя вочы на патыліцы. Я прабіў, шчыра кажучы, так сабе, калупнуў зямлю нагой, але выйшла ўдала...

15 хвілін мы маглі ганарыцца: наш чэмпіён у парадку пасля зімовага перапынку і страты правераных штыкоў. На 30-й хвіліне французы нас пакаралі. Калі навічок БАТЭ Міхаіл Гардзейчук забіў на 81-й хвіліне, мы зноў верылі, што перамогу барысаўчане не аддадуць. Тым больш што, паверыўшы ў свае сілы пасля гэтага гола, БАТЭ панеслася забіваць яшчэ. 85-я хвіліна стала, бадай, самым ключавым ці пераломным момантам. Скавыш, які атрымаў перадачу ад Няхайчыка, умудрыўся з сямі метраў не пацэліць у вароты. За развагамі і шкадаваннямі, што лік мог быць 3:1, а цяпер яшчэ можа стаць і 2:2, нас і заспеў на 89-й хвіліне другі мяч французаў.

Віктар Ганчарэнка, які перад матчам казаў, што яго не расчаруе толькі перамога, расчараваным пасля матча, нягледзячы на нічыю, не выглядаў:

<І>— Не магу сказаць, што ў мяне заслона перад вачыма і ўсё дрэнна. Мне спадабалася, што мы дадалі ў другім тайме. Я лічу, мы добра згулялі, і веру, што ў гульні ў адказ ёсць шанц. Я задаволены навічкамі каманды. Рудзік, Сіміч, Гардзейчук — разнапланавыя гульцы. Мне спадабалася і гульня Гардзейчука, які забіў, і дэбют Сіміча і Рудзіка, хоць яны згулялі не без памылак. Эпізод, калі не забіў Скавыш, мне складана каментаваць. Трэба паглядзець запіс, пасля рабіць высновы.

Напрыканцы французскі журналіст спытаў у Ганчарэнкі, ці ў сілах БАТЭ паўтарыць подзвіг нацыянальнай каманды і на выездзе згуляць з лікам 1:0.

— Няма нічога немагчымага. У тым ліку, так згуляць і прайсці далей.

А вось трэнеру гасцей Антуану Камбуарэ, які з-за дыскваліфікацыі вымушаны быў назіраць за паядынкам з трыбуны, здаецца, што яго каманда мае выдатныя шанцы прайсці далей:

— Я лічу заканамернай нашу нічыю. БАТЭ першым адкрыў лік, а нам двойчы ўдалося адыграцца. Гэта вельмі сур'ёзны вынік. Як я і казаў перад матчам, каб мець шанцы прайсці далей, нам трэба забіваць гол на выездзе. Два галы — гэта вельмі добра для ўпэўненасці гульцоў у сабе. Але праз тыдзень нас чакае складаны матч. БАТЭ — моцная каманда. З гульцоў БАТЭ я вызначыў № 13 (Павел Няхайчык. — Аўт.). Хачу павіншаваць абедзве каманды — яны правялі добры матч у цяжкіх умовах надвор'я на цяжкім полі.

Паядынак у адказ БАТЭ правядзе ў Парыжы 24 лютага. Будзем спадзявацца, што эйфелева вышыня перад намі  яшчэ скорыцца.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Футбол. Лига Европы. Глава "Твенте": УЕФА пригрозил нам трехлетней дисквалификацией

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика